Мінск 17:33

Ціханоўская зноў наведае Данію

Фота: unsplash.com

25 жніўня, Позірк. Пра візіт у Данію дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведамляе яе прэс-служба.

Палітык наведае Данію 28–29 жніўня разам з мужам, экс-палітвязнем, відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Адзначаецца, што 29 жніўня ў Капенгагене яна возьме ўдзел у нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза.

Анансаваныя сустрэчы з дацкімі палітыкамі — кіраўніком МЗС Ларсам Лёке Расмусэнам, міністрам па справах Еўропы Мары Б’ерэ і прадстаўнікамі камітэта па знешняй палітыцы парламента.

Таксама запланаваны ўдзел Ціханоўскай у мерапрыемстве, арганізаваным дацкай газетай Politiken і амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі Foreign Policy Society (падрабязнасці не паведамляюцца).

Акрамя таго, чакаецца сустрэча дэмлідара з прадстаўнікамі Дацкага інстытута супраць катаванняў Dignity.

Гэта чацвёрты візіт Ціханоўскай у Данію. Яна наведвала гэтую краіну 8–10 кастрычніка 2023 года. У кастрычніку 2020-га дэмлідар сустрэлася з тагачасным кіраўніком МЗС Епэ Кофадам, а ў траўні 2023-га ўдзельнічала ў Капенгагенскім саміце дэмакратыі.

Падзяліцца: