Мінск 18:55

У суд накіраваная справа наркагандляроў, ад іх дзеянняў загінулі чатыры чалавекі

Крыніца: Генпракуратура

25 жніўня, Позірк. Аб накіраванні ў суд крымінальнай справы па абвінавачванні шасці чалавек у “здзяйсненні злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў” паведаміла пракуратура Мінскай вобласці.

Паводле даных нагляднага органа, 43-гадовая мінчанка і яе 48-гадовы муж у “складзе арганізаванай групы незаконна набывалі, захоўвалі, перавозілі і збывалі асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы і наркатычныя сродкі ў буйным памеры”.

З ліпеня 2023 года пара “выконвала функцыі наркакур’ераў” у складзе арганізаванай злачыннай групы, якая кантралявала “дзейнасць дзвюх інтэрнэт-крам па рэалізацыі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў”.

Сцвярджаецца аб даказанай датычнасці абвінавачаных да збыту забароненых рэчываў “14 асобам, чатыры з якіх памерлі ў 2023–2024 гадах ад атручвання метадонам”.

“Пры затрыманні ў мужа і жонкі канфіскаваныя 102 скруткі з метадонам агульнай вагой звыш 40 грамаў. У іх жыллі і абсталяваных у Мінску і Мінскай вобласці схованках выяўленыя шалі, упаковачныя матэрыялы, а таксама значныя партыі наркотыкаў і псіхатропаў: 594 г мефедрона, каля 792 г гашышу, 382 г метадону і блізу 6 г альфа-PVP”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак абвінавачвання, даход фігурантаў склаў звыш 262 тыс. рублёў. Адзначаецца, што на стадыі папярэдняга расследавання накладзены арышт на маёмасць, якая належыць ім: аб’екты нерухомасці, транспартныя сродкі, грашовыя сродкі і ювелірныя вырабы агульным коштам звыш 400 тыс. рублёў.

Сужэнцампрад’яўленае абвінавачванне паводле арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Мужчыну таксама інкрымінаваны арт. 3172 КК (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання).

Чацвёра іншых абвінавачаных — жыхары Мінска і Мінскай вобласці — “у розны час незаконна набывалі і захоўвалі без мэты збыту асабліва небяспечны наркатычны сродак — метадон, карыстаючыся паслугамі названых інтэрнэт-крам”, адзначае пракуратура. Забароненыя рэчывы яны атрымлівалі праз “схованкі, вырабленыя сужэнцамі-закладчыкамі, і да затрымання працягвалі захоўваць іх пры сабе”.

Ім таксама выстаўленае абвінавачванне паводле арт. 328 КК.

Раней паведамлялася аб смяротным атручванні наркотыкамі двух жыхароў Брэста: 10 траўня цела 47-гадовага мужчыны было знойдзена на адной з вуліц абласнога цэнтра, а 12 траўня ад наркатычнага атручвання памерла 42-гадовая брэстчанка. Паведамлялася, што ў хуткую дапамогу звярнуўся яе сужыцель, які знайшоў жанчыну ў кватэры “без прыкмет жыцця”.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за год колькасць грамадзян, асуджаных паводле абвінавачвання ў злачынствах, звязаных з наркотыкамі, зменшылася на 8,6% — з 2.284 да 2.088.

Падзяліцца: