Мінск 12:09

Баркоўскі пра сістэму адукацыі: Гэта не крок наперад, а два крокі назад у ідэалагічны капкан

Архіўнае фота: АПК

1 верасня, Позірк. Дзень ведаў у Беларусі “ператвараецца ў недарэчны касплэй (с англ. costume play — “костюмированная игра”. — “Позірк”.) савецкіх ідэалагічных практык на фоне адсутнасці нацыянальнай ідэі і няздольнасці замаскаваць гэтую пустэчу высілкамі штатных ідэолагаў”, заявіў 1 верасня прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

Палітык, словы якога прыводзіць прэс-служба АПК, адзначыў, што распрацаваны Міністэрствам адукацыі сцэнарый першага ўрока сёлета “нагадвае самыя горшыя практыкі застою: тыя ж пасланні ад піянераў у будучыню, хваласпевы правадыру, вырыванне зручных цытат і агульныя заклікі “шанаваць сваё”. “Але гэтае “сваё” не пра нацыянальную культуру ці мову, а пра гендарныя стэрэатыпы, безумоўную паслухмянасць уладам і “вялікую ролю прэзідэнта ў жыцці краіны”, — канстатаваў ён.

Баркоўскі адзначыў, што замест інтэграцыі ў еўрапейскую і сусветную адукацыйную прастору, развіцця акадэмічных свабод і крытычнага мыслення, у Беларусі вяртаецца культ патрыятычнага выхавання бяздумнага калектыву, гатовага без пытанняў “выконваць вар’яцкія загады зверху”.

“Гэта не крок наперад, а два крокі назад у ідэалагічны капкан. Выцягванне на паверхню зашмальцаваных практык і бязглуздых ідэй — сведчанне своеасаблівай ідэалагічнай некрафіліі. Толькі еўрапейская перспектыва, сучасныя педагагічныя падыходы, акадэмічныя свабоды і далучэнне да агульнай адукацыйнай прасторы могуць стаць выйсцем. Планы дэмакратычнага транзіту ў адукацыі і навуцы (500 дзён) і праекты рэформ, падрыхтаваныя дэмакратычнай супольнасцю, прапануюць здаровую альтэрнатыву [для] сістэмы”, — падкрэсліў прадстаўнік АПК.

1 верасня 2025 года больш за 2,6 тыс. школ прыме 1 млн 50 тыс. вучняў, а 3,6 тыс. дзіцячых садоў — 327,1 тыс. выхаванцаў. У верасні 2024 года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачало навучацца каля 1 млн 70 тыс. чалавек. Такім чынам, колькасць вучняў, якія пачнуць навучанне сёлета, будзе прыкладна на 20 тыс. меншая, чым у 2024-м.

Паведамляецца, што да 2025/2026 года адкрыецца сем новых школ на 5.238 месцаў. У новым навучальным годзе ўводзіцца дзелавы стыль адзення (акрамя ўрокаў фізкультуры і працы), з’яўляецца абавязак бацькоў дзяцей, якія пражываюць у Беларусі, гарантаваць атрыманне адукацыі ў краіне; у 10-х класах навучанне завершыцца 25 траўня, пасля чаго распачнуцца 10-дзённыя навучальна-палявыя зборы.

У першы дзень навучальнага года Лукашэнка заявіў пра выхаванне грамадзян, Ціханоўская — пра развіццё асобы

1 верасня, Позірк. "Асаблівай датай у календары кожнага беларуса" назваў 1 верасня Аляксандр Лукашэнка, віншуючы навучэнцаў, студэнтаў, аспірантаў, настаўнікаў і навукова-педагагічных работнікаў з Днём ведаў. "Самая пільная ўвага сёння да першакласнікаў і першакурснікаў, якія адчыняюць дзверы ў дзіўны свет ведаў …
Падзяліцца: