Мінск 14:08

17-гадовы мінчанін выкраў у пенсіянераў 2,6 млн рублёў і атрымаў прысуд з адтэрміноўкай

Ілюстрацыйнае фота: МУС

3 верасня, Позірк. 2,6 млн рублёў выкраў у пенсіянераў 17-гадовы навучэнец мінскай гімназіі. Суд Маскоўскага раёна сталіцы прыгаварыў яго да 3,5 года пазбаўлення волі са штрафам 30 базавых велічынь (1.260 рублёў) і адтэрміноўкай выканання пакарання (у частцы пазбаўлення волі) на 3 гады, паведаміў Следчы камітэт.

Яго дзеянні кваліфікаваныя па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) і ч. 1 арт. 222 (незаконнае распаўсюджванне рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак і аўтэнтыфікацыйных дадзеных, з дапамогай якіх магчыма атрыманне доступу да рахункаў) Крымінальнага кодэкса.

Паведамляецца, што юнак стаў звяном арганізаванай злачыннай групы.

Паводле звестак следства, у снежні 2023 года зламыснікі выйшлі на яго ў адным з месенджараў, прапанаваўшы “высокааплатную падпрацоўку з гнуткім графікам”. Першапачаткова яму патрабавалася аформіць банкаўскія карты ў розных банках Мінска, падаўшы поўны доступ да іх так званаму працадаўцу за ўзнагароджанне.

“Пасля рушыла новае даручэнне — старанна выконваючы меры канспірацыі, забіраць у пацярпелых грашовыя сродкі на падставе дэкларавання. Фігурант беспярэчна выконваў ўсе ўказаннямі куратара, забіраў наяўныя і перадаваў іх іншаму кур’еру. За гэта ён атрымліваў узнагароду, выконваючы, па сутнасці, найбольш рызыкоўную частку працы, знаходзячыся ў полі зроку ў праваахоўных органаў і сістэм відэаназірання“, — адзначыў СК.

Паведамляецца, што фінальным этапам супрацьпраўнай дзейнасці мінчаніна стала даручэнне забраць у пенсіянеркі буйную суму і падпольна абмяняць яе на крыптавалюту. Аднак дзякуючы аператыўнай працы супрацоўнікаў міліцыі фігуранта затрымалі. Падчас асабістага ператрусу пры ім выяўлена больш за 760 тыс. еўраў, якія ён незадоўга забраў у пацярпелай.

“Следчыя ўстанавілі, што непаўнагадовы на ўказанне саўдзельнікаў завалодаў маёмасцю пацярпелых на агульную суму больш за 2.600.000 рублёў. Сваю віну ён прызнаў і ў здзейсненым раскаяўся“, — сцвярджаецца ў рэлізе Следчага камітэта.

Пры гэтым “вывучэнне асобы школьніка паказала, што ён выхоўваецца ў поўнай сям’і, на прафілактычных уліках не знаходзіўся, да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці раней не прыцягваўся“.

Падзяліцца: