Мінск 16:40

Нацбанк: Уся нарматыўная і тэхнічная база па лічбавым беларускім рублі будзе гатовая да канца 2026 года

Крыніца: pixapay.com

8 верасня, Позірк. Уся нарматыўная і тэхнічная база па лічбавым беларускім рублі будзе гатовая да канца 2026 года, паведаміў першы намеснік кіраўніка Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў у сюжэце, паказаным 7 верасня ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”.

Паводле слоў чыноўніка, ужо распрацаваны праект адпаведнага закона, а паралельна вядуцца тэхналагічныя работы па стварэнні платформы.

Плануецца, што лічбавы рубель будзе прымяняцца па двух асноўных напрамках. Перш за ўсё, адзначыў прадстаўнік Нацбанка, для “кантролю выкарыстання бюджэтных сродкаў”, дзякуючы чаму, “можна прасачыць аж да канчатковай фізічнай асобы, куды былі выдаткаваныя і куды ў выніку дайшлі бюджэтныя грошы”.

Другім і, на думку Ягорава, найважнейшым напрамкам з’яўляецца сфера “трансгранічных плацяжоў”. “Многія краіны ствараюць свае лічбавыя валюты, і ў нейкі момант мы прыйдзем да таго, што гэтыя лічбавыя валюты павінны будуць неяк састыкавацца”, — падкрэсліў ён.

Для развіцця гэтага працэсу лічбавыя валюты павінны працаваць “паводле адной тэхналогіі блокчэйн”, таму задача рэгулятара, як сказаў чыноўнік, стварыць на яе аснове такую ​​платформу лічбавага рубля, каб “спакойна інтэгравацца ў платформу іншых краін”.

Гэта дазволіць, паводле слоў Ягорава, “гандляваць паміж краінамі, выкарыстоўваючы не нейкія замежныя валюты, а <…> нацыянальныя”.

17 красавіка кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка на тэлеканале “Беларусь 1” заяўляў, што плануецца паўнавартасна ўвесці ў абарот у Беларусі ў другой палове 2026 года, калі ім змогуць карыстацца суб’екты гаспадарання.

Паводле яго слоў, Нацбанк плануе, што да 2027 года ён стане даступны таксама дзяржаўным органам і фізічным асобам.

“Для дзяржавы будзе важна мець магчымасць прасачыць тое, як лічбавыя грошы праходзяць па ўсім ланцужку”, — сказаў Галоўчанка.

2 лютага на той момант намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц заявіў, што ў 2025 годзе рэгулятар працягне працу па “арганізацыі плацежнай сістэмы лічбавага беларускага рубля”, а таксама па “падрыхтоўцы комплексных змяненняў у заканадаўства”.

28 ліпеня 2023 года на пасяджэнні праўлення рэгулятара Калечыц заявіў, што лічбавы беларускі рубель будзе выкарыстоўвацца як “законны плацежны сродак, які выконвае ўсе функцыі грошай, эмітуецца цэнтральным банкам і мае аднолькавую каштоўнасць з наяўным і безнаяўным беларускім рублём”. Разлікі з дапамогай лічбавага рубля “плануецца адносіць да безнаяўнай формы разлікаў”.

Галоўнае адрозненне лічбавага беларускага рубля ад крыптавалюты ў тым, што яго кошт будзе кантраляваць рэгулятар, заявіў у лютым 2024 года намеснік начальніка ўпраўлення даследаванняў Нацбанка Міхаіл Дземідзенка.

Тады ён прагназаваў, што першыя разлікі лічбавымі беларускімі рублямі можна будзе здзейсніць на пачатку 2026 года.

Падзяліцца: