Мінск 14:23

Студэнтам дазволілі працаваць выхавацелямі дзіцячых садкоў

Фота: nastgaz.by

11 верасня, Позірк. Выхавацелямі дзіцячых садкоў дазволілі працаваць студэнтам, пачынаючы з 3-га курса, вынікае з пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 30 чэрвеня № 54, якая набыла моц 10 верасня, паведамляе ведамства.

Адзначаецца, што ўведзены новы прафесійны стандарт для дашкольнай адукацыі, які пашырыў магчымасці для працаўладкавання на пасаду “выхавальнік дашкольнай адукацыі“.

Для працы па гэтай спецыяльнасці патрабуюцца сярэдняя спецыяльная адукацыя (педагагічная) або перападрыхтоўка па профілю “педагогіка“; агульная сярэдняя адукацыя + навучанне ў ВНУ па спецыяльнасці “дашкольная адукацыя“ (пры ўмове заканчэння не менш двух курсаў); вышэйшая адукацыя (з наступным накіраваннем на перападрыхтоўку па спецыяльнасці “дашкольная адукацыя“).

Такім чынам, працаваць выхавацелямі могуць усе спецыялісты з любой вышэйшай адукацыяй.

На думку Мінпрацы, у выніку змяненняў ва ўстановах адукацыі палепшыцца забяспечанасць персаналам, а дзеці і бацькі “атрымліваюць стабільныя і кваліфікаваныя кадры ў дзіцячых садках“.

У Беларусі назіраецца недахоп выхавацеляў у дзіцячых садках, што пацвярджаецца данымі з агульнарэспубліканскага банка вакансій, у якім на 11 верасня 952 вакансіі выхавацеля дзіцячага садка на 1.290 працоўных месцаў. Праблема асабліва востра адчуваецца ў Мінску (310 і 441 адпаведна) і Мінскай вобласці (127 і 170).

Дэфіцыт кадраў захоўваецца ўжо не першы год, аднак у некаторых аб’явах прапануецца зарплата на ўзроўні каля 800 рублёў (менш за 300 долараў ЗША).

Увод у эксплуатацыю ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ў краіне за апошнія чатыры гады зменшыўся ў 2,3 раза (з 25 у 2021-м да 11 у 2024-м), вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць пабудаваных дзіцячых садкоў знізілася з 14 да 6, школ — з 11 да 5.

Найгоршая дынаміка зафіксавана ў Мінску і Мінскай вобласці, дзе колькасць уведзеных у эксплуатацыю дзіцячых садоў і школ разам узятых зменшылася ў 5 разоў і 4,5 раза адпаведна (з 5 да 1 і з 9 да 2). Далей Гомельская, Брэсцкая і Магілёўская вобласці — скарачэнне ў 3 разы, у 2 разы і на 25% (з 3 да 1, з 2 да 1 і з 4 да 3). Толькі ў Гродзенскай вобласці адзначаны рост (з 1 да 2). У Віцебскай вобласці паказчык не змяніўся — 1 новая ўстанова ў год.

На фоне нізкіх заробкаў і недахопу спецыялістаў“ паглядзець на рэжым працы дзіцячых садкоў і падбудавацца пад бацькоў” прапанаваў Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка на сустрэчы з актывам праўладнага Беларускага саюза жанчын. Паводле слоў Лукашэнкі, “і падчас вучобы ў школе, асабліва пачатковай“, жанчыны “павінны быць упэўненыя, што дзеці будуць пад наглядам педагогаў да вечара, калі ў гэтым ёсць патрэба“. На яго думку, у гэтым выпадку маці неабавязкова будзе “працаваць на ўдалёнцы“.

Большасць дзіцячых садкоў працуе з 7 да 19 гадзін, ёсць сады з кругласутачным знаходжаннем.

Падзяліцца: