Намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне: Мэта — нармалізацыя стасункаў з Беларуссю

11 верасня, Позірк. Мэта Злучаных Штатаў Амерыкі заключаецца ў нармалізацыі стасункаў з Беларуссю, заявіў журналістам 11 верасня ў Вільнюсе намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келога Джон Коўл, пасля перамоваў якога з Аляксандрам Лукашэнкам было вызвалена 52 палітвязні.
На пытанне, наколькі цяжкімі былі перамовы і калі можна чакаць працягу працэсу вызвалення вязняў, Коўл адказаў: “За апошнія некалькі месяцаў мы дамагліся вызвалення агулам 68 чалавек. І мы спадзяемся, і мы вядзем перамовы, каб вызваліць усіх. Лічбы вагаюцца — скажам, 1.300 чалавек усё яшчэ там і павінны быць ужо вызваленыя. Я не ведаю, якая дакладная колькасць”.
“Але так ці інакш, перамовы ідуць, — сказаў ён. — Я размаўляў пра гэта з прэзідэнтам Беларусі. Мы абмяркоўваем гэта ўжо некалькі месяцаў, і мы становімся бліжэй да таго, каб сёе-тое зрабіць. Я думаю, што вызваленне 52 чалавек сёння — гэта быў вельмі добры жэст. Мы яшчэ гаворым і пра іншыя рэчы. Мэта тут — нармалізацыя стасункаў паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю“.
Пазней, паўторна адказваючы на пытанне, калі чакаць новага вызвалення, Коўл адзначыў: “Пасля сённяшняга дня — не ведаю. Думаю, тыдні, можа, месяцы”.
Паводле слоў намесніка спецпасланніка Дональда Трампа, ЗША не збіраюцца ўмешвацца ў стасункі Лукашэнкі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным: “Гэта не наша гульня. Гэта яго справа”. “Але мы, спадзяюся, зможам наладзіць працоўныя стасункі з Беларуссю, каб развіваць гандаль, развіваць многае іншае. Гэта будзе карысна для абодвух народаў”, — лічыць ён.
“На дадзены момант сітуацыя такая. <…> Я арганізаваў тэлефонную размову, якую прэзідэнт Трамп правёў [з Лукашэнкам] з борта Air Force One прыкладна, здаецца, 10 дзён таму. Ён тады ляцеў на Аляску (15 жніўня. — “Позірк”.). Так што гэта было ў той дзень. І ў іх была вельмі добрая размова. І тады ўзнялі пытанне аб колькасці. Яны пагадзіліся працягнуць перамовы”, — заявіў Коўл.
На пытанне, ці з’яўляецца тое, што адбылося 11 верасня, абменам санкцый на вызваленне людзей, амерыканскі чыноўнік адказаў, што глядзіць на гэта “амаль як на тэнісную партыю“.
“Мяч быў на нашым баку, каб нешта зрабіць, таму што яны (улады Беларусі. — “Позірк”.) вызвалілі 14 чалавек месяц ці каля таго назад (у канцы чэрвеня. “Позірк”.), — патлумачыў спікер. — Так што цяпер нам трэба было нешта зрабіць. І мы зрабілі гэта — знялі санкцыі з авіякампаніі [“Белавія“], што адбылося сёння. А затым мяч апынуўся на іх баку, і яны сёння вызвалілі 52 чалавекі. Цяпер мы павінны прыдумаць нешта яшчэ”.
Коўл заявіў, што жадае “паскорыць гэты працэс“: “Я хачу, каб у нас быў такі “вялікі ход“ у перамовах, вынікам якога стане нармалізацыя стасункаў з Беларуссю“.
На пытанне, хіба не з’яўляецца першачарговай мэтай спыненне рэпрэсій у Беларусі і вызваленне людзей, а не нармалізацыя стасункаў, намеснік спецпрадстаўніка Трампа адказаў: “Па адной рэчы за раз, так я гэта бачу. Вядома, я хацеў бы, каб усе ў Беларусі былі шчаслівыя, мелі ўсе правы і ўсё іншае, але я раблю гэта крок за крокам. Трэба наладзіць стасункі, перш чым гэта стане магчымым“.
Коўл, паводле яго слоў, не ведае, ці можа зняцце санкцый з “Белавія“ дазволіць абыходзіць санкцыі расійскай кампаніі “Аэрофлот“. “Я ведаю, што ў іх (беларускай авіякампаніі. — “Позірк”.) будзе права купляць запчасткі для сваіх самалётаў, рамантаваць іх, вось гэта ўсё, але большага не ведаю“, — сказаў амерыканскі чыноўнік.
На думку Коўла, пытанне аднаўлення працы амбасады ЗША ў Мінску “будзе часткай перамоваў“: “Для нармальных стасункаў звычайна трэба мець амбасаду таксама. Так што гэта будзе часткай перамоваў у найбліжэйшай будучыні”.
На пытанне, ці будуць знятыя з Беларусі іншыя санкцыі ў выпадку вызвалення іншых палітвязняў, спецпрадстаўнік Трампа адназначна не адказаў: “Мы робім гэта не так, маўляў, калі вы вызваліце 17 чалавек, я зраблю нешта. Усё больш гнутка. Гэта хутчэй так: вы зрабілі добры жэст, зараз мы зробім добры жэст у адказ. А яны не ведаюць, якім будзе наш жэст. Вядома, у нас ва ўсіх ёсць уяўленні, чаго мы хочам і чаго яны хочуць, і гэта будзе прапрацоўвацца з часам. Але гэта не жорсткая схема — 15 чалавек тут, чатыры санкцыі там. Гэта не так працуе”.
Паводле слоў Коўла, рашэнне вызваліць 52 чалавекі ў рамках цяперашніх перамоваў прынялі беларускія ўлады. На пытанне, што Мінск папрасіў наўзамен, ён наўпрост не адказаў: “Добра, мы папрасілі вызваліць людзей і сказалі, што хочам [бачыць] колькасць [вызваленых] больш, чым 14. Мы рады кожнаму, вядома, але гэта залежала ад іх, колькі яны гатовыя былі вызваліць. І атрымалася 52, што вельмі добрая лічба”.
Журналісты пацікавіліся, ці прасіў Мінск больш маштабнага зняцця санкцый. Коўл на гэта адказаў: “Мы толькі што знялі санкцыі. У далейшым мы прыйдзем да “вялікага ходу”, які нармалізуе адносіны і, спадзяюся, прывядзе да вызвалення ўсіх зняволеных. Я не гандлюю лічбамі, і гэта стала паспяховым. Так што я працягну дзейнічаць так”.
На рэмарку пра тое, што Лукашэнка “больш зацікаўлены ў зняцці санкцый“, а ў ЗША “ёсць карты, каб прапанаваць нешта і запатрабаваць вызвалення большай колькасці людзей“, Коўл заявіў: “Паслухайце, у мяне ёсць карты, і санкцыі — частка гэтых карт. У яго (Лукашэнка. — “Позірк”.) ёсць карты ў дадзены момант — гэта вызваленне зняволеных. Маштаб пашырыцца, калі перамовы будуць развівацца. Усё гэта не робіцца за адзін дзень. Гэта займае шмат часу, патрабуе выбудоўвання даверу”.
Спецпрадстаўнік Трампа пацвердзіў, што ў ЗША ёсць падставы патрабаваць большага, але на пытанне, ці зрабіў ён гэта падчас перамоваў, адказаў: “Не, не зрабіў“. На пытанне, чаму, ён сказаў: “Я толькі што завяршыў вызваленне 52 чалавек”. На рэмарку пра тое, што палітвязняў больш за тысячу, ён заявіў: “Вядома, больш. Я толькі што ўсім патлумачыў план з гэтай нагоды. Калі вам не падабаецца план — прыходзьце і зрабіце што-небудзь“.
“Прэзідэнт Трамп даручыў мне рабіць тое, што я раблю. Прэзідэнт Трамп хоча гэтых стасункаў. Ён хоча, каб яны развіваліся. І гэтым мы і займаемся”, — падкрэсліў прадстаўнік амерыканскага прэзідэнта.
Пра тое, што ў дзень вызвалення 52 беларускіх палітвязняў яшчэ восем чалавек атрымалі гэты статус, Коўлу, як высветлілася, не было невядома.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаКіраўнік МЗС Літвы не бачыць прычын для перагляду палітыкі ў дачыненні да афіцыйнага МінскаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаЦіханоўская заклікала не расцэньваць пазітыўна тое, што рэжым Лукашэнкі паведаміў Польшчы пра дроны, якія ляцяць у яе бокМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВыезду ў Польшчу ў пункце пропуску Брэст чакае больш за 1,5 тыс. аўтамабіляў і амаль 70 аўтобусаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка