Мінск 05:54

Польшча закрыла мяжу — беларускія памежныя пераходы працуюць

Аўтобус з Магілёўскай вобласці, які не паспеў выехаць у Польшчу
Відэазапіс: ДПК / стоп-кадр: "Позірк"

12 верасня, Позірк. Апоўначы 12 верасня (а 1 гадзіне ночы паводле мінскага часу) Польшча закрыла мяжу з Беларуссю як мінімум на перыяд беларуска-расійскіх вайсковых манеўраў “Захад-2025“ (12 — 16 верасня).

У той жа час пункты пропуску з беларускага боку працягваюць працаваць, вынікае з заявы для СМІ прэс-сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК) Антона Бычкоўскага на тэрыторыі прапускнога пункта Брэст (з польскага боку Цярэспаль). Тыя, хто выехаў з Беларусі, але не заехаў у Польшчу, будуць вернутыя.

“На бягучы момант часу на мосце паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь знаходзіцца некалькі аўтобусаў з замежнымі рэгістрацыйнымі нумарамі (пры гэтым у сюжэце ДПК дэманстраваўся аўтобус з нумарам Магілёўскай вобласці, гл. стоп-кадр. — “Позірк”.). Усе кіроўцы планавалі вярнуцца на тэрыторыю Еўрапейскага саюза. Аўтобусы будуць вернутыя на ўязны канал памежнага пераходу і аформленыя на ўезд у Рэспубліку Беларусь“, — сказаў Бычкоўскі.

Паводле яго слоў, усім, хто знаходзіцца ў аўтобусах, у тым ліку кіроўцам, будзе неабходна шукаць іншыя маршруты вяртання ў краіны ЕС.

“Пункты пропуску з боку Рэспублікі Беларусь працягнуць сваю працу і змогуць аднавіць афармленне асоб і транспартных сродкаў, як толькі гэта прадставіцца магчымым“, — заявіў спікер ДПК.

Паводле інфармацыі ведамства, да 2 гадзін ночы 12 верасня ў пункце пропуску Брэст чэргаў на выезд у Польшчу не засталося. Апоўначы (у 23 гадзіны па варшаўскім часе) афармлення чакала 1.280 легкавых аўтамабіляў і 13 аўтобусаў. На працягу сутак 11 верасня чэргі дасягалі 1.680 аўтамабіляў (у 18 гадзін) і 75 аўтобусаў (у 0 гадзін). Колькасць аўтобусаў рэзка скарацілася паміж 18 і 20 гадзінамі (з 65 да 11).

У пункце пропуску грузавых аўтамабіляў Казловічы ў 2 гадзіны ночы чаргі таксама не было, апоўначы стаяла 130 фур, напярэдадні — да 500 (у 2 і 4 гадзіны раніцы).

Падзяліцца: