Вальфовіч: Літва, Латвія і Польшча адмовіліся назіраць за ходам вучэнняў “Захад-2025”

12 верасня, Позірк. Запрашэнне назіраць за ходам вучэнняў “Захад-2025” не прынятае “ні польскім, ні літоўскім, ні латвійскім бакамі”, заявіў 12 верасня дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
“Гэта ім не трэба. Чаму? Таму што сёння кіраўніцтва Польшчы, кіраўніцтва краін Прыбалтыкі выдатна ўсведамляе і ведае, што гэтыя вучэнні, ды і як усё тое, што робіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не ўяўляе ніякай ім пагрозы”, — цытуе Вальфовіча прэс-служба Міністэрства абароны.
“Палітыка, якую праводзіць наша краіна, кажа пра тое, што Беларусь заўсёды выступала і выступае за мір, за бяспеку, за добразычлівыя адносіны адно да аднаго, за ўзаемапавагу, за павагу інтарэсаў дзяржаў, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць”, — сказаў чыноўнік.
Вальфовіч паўтарыў тэзіс аб тым, што вучэнні носяць “выключна абарончы характар” і не ўяўляюць “ніякай пагрозы” для краін-суседзяў і “заходніх партнёраў”. “Раёны правядзення вучэння адведзеныя ўглыб тэрыторыі нашай краіны”, — дадаў ён.
“Ваенным ведамствам праведзена вялікая праца ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і нормамі аб давядзенні і празрыстасці гэтых вучэнняў да нашых заходніх партнёраў”, — заявіў Вальфовіч.
Дзяржсакратар Савета бяспекі адзначыў, што ў Беларусі робіцца ўпор “не на павелічэнне колькасці войскаў, не на закладанне грошай у куплю вялікай колькасці ўзбраення і вайсковай тэхнікі, а на якасць падрыхтоўкі вайскоўцаў”.
Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка 12 верасня паведаміў, што вучэнні пройдуць у Віцебскай вобласці (мяжуе з Латвіяй), Гродзенскай (з Літвой і Польшчай) і Мінскай.
“Мы не пагражаем трэцім краінам і імкнемся адпрацаваць пытанні ў рамках падрыхтоўкі сваіх узброеных сіл сумесна з войскамі саюзнікаў”— падкрэсліў кіраўнік Генштаба.
Маштабныя вучэнні “Захад-2025” праходзяць 12–16 верасня. Раней паведамлялася, што падчас манеўраў будзе адпрацаванае “планаванне ўжывання” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
Паводле звестак літоўскай вайсковай выведкі, у манеўрах возьмуць удзел да 30 тыс. вайскоўцаў.
Аб дадатковым умацаванні межаў з Беларуссю і РФ падчас вучэнняў “Захад-2025” паведаміла 9 верасня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).
10 верасня стала вядома, што па прапанове аператыўнага камандавання Узброеных сіл Польшчы з 1 гадзіны ночы па мінскім часе 11 верасня да 2 гадзін 59 хвілін 10 снежня 2025 года ўведзена беспалётная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю і Украінай.
11 верасня намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзарый Томчык заявіў, што ў бліжэйшыя дні на мяжы Польшчы з Беларуссю і Расіяй будзе размешчана каля 40 тыс. польскіх вайскоўцаў. Рашэнне звязана з вучэннямі “Захад-2025”.
Апоўначы 12 верасня (а 1 гадзіне ночы паводле менскага часу) Польшча таксама закрыла мяжу з Беларуссю як мінімум на перыяд беларуска-расійскіх вайсковых манеўраў “Захад-2025”.
Аб увядзенні забароны палётаў над усходняй мяжой Латвіі заявіў 11 верасня на прэс-канферэнцыі міністр абароны гэтай балтыйскай дзяржавы Андрыс Спрудс. Абмежаванні ў паветранай прасторы ля межаў з Беларуссю і Расіяй пачнуць дзейнічаць з 18 гадзін 11 верасня і працягнуцца “мінімум тыдзень”, сказаў ён.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы з пачатку года падаражэлі на 12,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка