Мінск 00:23

Царква Святога Архангела Міхаіла згарэла ў Жабінкаўскім раёне праз кароткае замыканне — Дзяржкамітэт судовых экспертыз

15 верасня, Позірк. Пра прычыну ўзгарання царквы Святога Архангела Міхаіла ў Жабінкаўскім раёне (Брэсцкая вобласць) паведаміў 15 верасня Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Прычынай пажару ведамства назвала “кароткае замыканне ўводнага электрычнага кабеля энергазабеспячэння збудавання”.

Адзначаецца, што “аварыйнаму рэжыму спрыяла адначасовае падключэнне энергаёмістага абсталявання для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ”.

Па факце пажару праводзіцца праверка.

Пра пажар у храме стала вядома 24 ліпеня.

Паведамлялася, што знішчаны агнём храм занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 1780 годзе ў стылі барока. У пачатку XX стагоддзя прайшла рэстаўрацыя, у 1914-м да будынка прыбудавалі званіцу. Іканастас, які можна было бачыць у храме, зроблены ў 1830-я гады. У царкве захоўвалася некалькі абразоў XVIII і XIX стагоддзяў.

Раней настаяцелем храма быў Сяргей Разановіч, прыгавораны ў кастрычніку 2022 года да 16 гадоў пазбаўлення волі па рэзананснай “справе Аўтуховіча”. Прызнаны палітвязнем.

Са жніўня 2021 года прыход узначальвае іерэй Георгій Залеўскі.

Падзяліцца: