Мінск 21:49

БАЖ узнагародзіў пераможцаў конкурсу “Вольнае слова”

Фота: БАЖ

16 верасня, Позірк. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Вольнае слова” прайшла 16 верасня ў Вільнюсе, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У намінацыі “Інфармацыйныя жанры” першае месца заняла Таццяна Гусева з выдання “Салідарнасць” за цыкл публікацый пра гісторыю кахання беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, другое — Дзіяна Пінчук з праваабарончага цэнтра “Вясна” (“Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!” Магшоты палітвязняў”), трэцяе — Вера Белацаркоўская з “Нашай Нівы” (матэрыял “Антошкіна — гэта пекла. Страшны маналог палітзняволенай”).

У гэтым жанры адзначана таксама відэа Эль Соль і Майк Н., з тэлеканала “Настоящее время” (“Мужчына ў аўтобусе сказаў, што такіх вырадкаў быць не павінна. Гісторыя “Злы” Сашы”).

У намінацыі “Мастацка-публіцыстычны жанр” першае месца атрымала “Еўрарадыё” (“Як ты?” Дабраахвотнік паказвае свае перапіскі з бацькамі”), другое — Ф. Раўбіч з “Нашай Нівы” (“Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў “сталінскі ампір”), трэцяе — Аляксандр Атрошчанкаў з reform.news (“Аляксей Дзікавіцкі: Калі на ”Белсаце” давядзецца рэзаць кадры — гэта будзе без мяне”).

Лепшае відэа ў гэтай намінацыі ў “Радыё Свабада” (“Архіпелаг БЕЛАГ”). Аўтар — Ганна Соусь, гук — Дзмітрый Валошкін, візуалізацыя Юлія Коцкая, Максім Лаўрэцкі.

У аналітычным жанры першым месцам адзначана публікацыя Ганеты Чарняўскай на reform.news (“Вынікі года: “Тое, што наш тэатр працягвае гаварыць сваім голасам і на сваёй мове, — ключавы вынік 2024-га”), другім — тэкст Анастасіі Шпак на hrodna.life (“Жалезная заслона” апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству”), трэцім — матэрыял Таццяны Гендэль, Ганны Валынец для 1BY.GREEN (“Асобыя ўмовы. Як кітайскія інвестары атрымліваюць экалагічныя патуранні ў Беларусі?”).

Лепшымі відэа ў гэтым жанры сталі матэрыялы Аляксандра Баразенкі з “Вот так TV” (цыкл “Грузія. Супрацьстаянне”/ “Грузія. Супрацьстаянне”) і Віталя Цыганкова з “Радыё Свабада” (“Непазбежны прэзідэнт”. “1994 год — чаканая катастрофа”).

У жанры “Расследаванне” першае месца занялі журналісты Беларускага расследвальніцкага цэнтра Аліна Янчур (“Пашпарт “Новай Беларусі” і стары “гаманец” Лукашэнкі. Як кампанія-распрацоўшчык дакументу звязана з Віктарам Шаўцовым”) і Марына Воўкава (“Мы знайшлі фільтрацыйны лагер расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі”).

Другое і трэцяе месца падзялілі журналісты “Бюро.Медыя”. Тэкст Ксеніі Везнікавецкай (“Святая бухгалтэрыя. Як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр ператварыўся ў сапраўдны бізнэс-холдынг”) заняў другое месца. На трэцім — Аляксандр Ярашэвіч (“Гульня на два фронты. Як беларускія ўладальнікі завода ў ЕС забяспечвалі чыпамі ваяўнічую Расію”).

Падзяліцца: