Мінск 16:00

Жыхар Гомельскай вобласці страляў з пнеўматыкі па непаўналетняй дачцэ – заведзена крымінальная справа

18 верасня, Позірк. Пракурор Кастрычніцкага раёна (Гомельская вобласць) узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да 42-гадовага мясцовага жыхара, якому інкрымінавана “наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання” (арт. 153 КК), паведаміла 18 верасня Генеральная пракуратура.

Паводле матэрыялаў справы, “нецвярозы мужчына зрабіў у сваёй кватэры з пнеўматычнага пісталета не менш за чатыры стрэлы ў вобласць сцёгнаў сваёй 13-гадовай дачкі”. Судова-медыцынская экспертыза пацвердзіла наяўнасць у дзяўчынкі ран, што аднесеныя да “лёгкіх цялесных пашкоджанняў паводле прыкметы кароткачасовага разладу здароўя”.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, “падазраваны характарызуецца адмоўна, раней неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, здзейсненыя ў стане алкагольнага ап’янення”.

Адзначаецца, што пацярпелая адмовілася падаваць заяву, каб прыцягнуць бацьку да крымінальнай адказнасці, паколькі мужчына “з’яўляецца яе адзіным законным прадстаўніком” і яна “знаходзіцца ў залежнасці ад яго”. Маці дзяўчынкі пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

Аднак з прычыны таго, што “супрацьпраўныя дзеянні выявіліся ў замаху на жыццё і здароўе непаўналетняй, якая не здольная самастойна паўнавартасна абараняць свае правы і законныя інтарэсы”, пракурор палічыў абгрунтаваным “узбудзіць крымінальную справу прыватнага абвінавачання без заявы пацярпелай ад супрацьпраўных дзеянняў”.

Для папярэдняга расследавання справа накіраваная ў Кастрычніцкі раённы аддзел Следчага камітэта.

Пастановай камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пацярпелая адабраная ў бацькі і змешчаная ў сацыяльны педагагічны цэнтр.

Даведка “Позірку”.

Згодна з арт. 153 КК, наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання, гэта значыць пашкоджання, якое пацягнула за сабой кароткачасовы разлад здароўя або нязначную ўстойлівую страту працаздольнасці, караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 1 года, або арыштам.

Падзяліцца: