Мінск 18:52

Праз 9 дзён пасля вызвалення паўсотні вязняў КР адрэагавала — ухваленнем працэсу і крытыкай дэпартацыі

Архіўнае фота: "Белсат"

20 верасня, Позірк. Каардынацыйная рада (КР) прыняла заяву, у якой вітала вызваленне 11 верасня з беларускіх месцаў несвабоды “51 чалавека, у тым ліку 14 замежных грамадзян”. Дакумент апублікаваны 20 верасня — праз 9 дзён пасля падзеі.

“Кожнае жыццё, выратаванае ад нявольніцкіх умоў, — гэта перамога чалавечай годнасці, і мы раздзяляем палёгку іх сем’яў, — гаворыцца ў заяве. — Гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя і не павінны былі правесці ніводнага дня за кратамі. Адзначаем, што нікому з іх не дазволілі застацца на радзіме, а гвалтоўна вывезлі ў Літву, якая прыняла іх, за што мы вельмі ўдзячныя літоўскаму ўраду”.

КР звярнула ўвагу на тое, што 24 з 38 вязняў — беларускіх грамадзян цягам “некалькіх тыдняў ці месяцаў” мусілі выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання. Аднак рэжым Аляксандра Лукашэнкі “не дазволіў ім выйсці свабодна, а замест гэтага выціснуў іх з краіны”.

52-і вызвалены — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — “адмовіўся пакідаць Беларусь, быў выкрадзены сілавікамі і, хутчэй за ўсё, вернуты ў калонію”.

“Мы патрабуем інфармацыі пра яго месцазнаходжанне, — адзначылі аўтары дакумента. — Пры гэтым мы высока ацэньваем рашучыя крокі Злучаных Штатаў і асабістыя намаганні прэзідэнта Дональда Трампа, якія прывялі да вызвалення дзясяткаў палітвязняў. Асобная падзяка [намесніку спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне] Джону Коўлу і [намесніку памочніка дзяржсакратара ЗША] Крыстаферу Сміту. Падтрымка нашых міжнародных партнёраў застаецца вырашальнай у справе вызвалення ўсіх палітвязняў і абароны правоў чалавека ў Беларусі”.

КР вітае гэтыя намаганні і бачыць у іх “пачатак больш шырокага працэсу, у якім павінны быць улічаныя інтарэсы беларускага грамадства”. Разам з тым, падкрэсліла структура, сёння “змены палітыкі рэжыму не назіраецца”, “рэпрэсіі супраць грамадства працягваюцца”.

“Мы дамагаемся не толькі вызвалення палітвязняў, але і поўнага спынення рэпрэсій і тэрору. На жаль, сёння рэжым саджае больш людзей, чым выпускае”, — канстатавана ў дакуменце.

На думку аўтараў заявы, пытанні “поўнага скасавання санкцый, нармалізацыі стасункаў і аднаўлення дыпламатычных сувязяў” павінны весціся з разуменнем таго, што “будучыня Беларусі належыць не аднаму чалавеку, а ўсяму беларускаму грамадству”.

“У іншым выпадку гэта будзе паўторам небяспечных памылак мінулага, калі зняцце ціску прывяло да аднаўлення рэпрэсій у Беларусі. Мы гатовыя працаваць разам з міжнароднымі партнёрамі, каб вызваленне людзей стала не выключэннем, а пачаткам сістэмнага працэсу”, — гаворыцца ў дакуменце.

Заяву падтрымалі 38 дэлегатаў КР, устрымаліся — 9, выступілі супраць — 2.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, былі вызваленыя 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны.

Адзін з вызваленых — Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Пра яго лёс дакладнай інфармацыі няма. Да вызвалення ўтрымліваўся ў калоніі № 13 у Глыбокім (Віцебская вобласць). У атачэнні Статкевіча лічаць “вельмі верагодным”, што яго зноў змясцілі ў гэтую калонію. Жонка палітыка Марына Адамовіч звярнулася ў міліцыю ў сувязі з яго знікненнем. Беларускія праваабаронцы вярнулі Статкевічу статус палітвязня.

У дзень вызвалення згаданай групы вязняў Джон Коўл, які ўдзельнічаў у перамовах з Лукашэнкам, паведаміў журналістам у Вільнюсе, што Вашынгтон дамагаецца нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Адным з крокаў амерыканскага боку на гэтым шляху стала тое, што Міністэрства фінансаў дазволіла частку аперацый з авіякампаніяй “Белавія”.

Адамовіч пра рашэнне Статкевіча не выязджаць: Гэта яго перакананне і каштоўнасці, ад якіх ён не гатовы адмаўляцца

19 верасня, Позірк. Рашэнне Мікалая Статкевіча не выязджаць з Беларусі — гэта "яго ўнутраная годнасць, яго ўнутранае перакананне і яго каштоўнасці, ад якіх ён не гатовы адмаўляцца", заявіла жонка палітыка Марына Адамовіч у інтэрв'ю LRT (Літва). Паводле яе слоў, навіну …
Падзяліцца: