Мінск 19:06

Латушка ў Варшаве прыняў удзел у мерапрыемствах з нагоды Дня незалежнасці Арменіі

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

21 верасня, Позірк. Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў аб сваім удзеле мерапрыемствах з нагоды Дня незалежнасці Арменіі.

Мерапрыемствы, як адзначыў палітык у сваім тэлеграм-канале, былі арганізаваныя амбасадай Арменіі ў Польшчы, размешчанай у Варшаве. Латушка ўдзельнічаў у іх па запрашэнні армянскага амбасадара Аляксандра Арзуманяна. Таксама былі запрошаныя “прадстаўнікі органаў улады і кіравання Польшчы і дыпламатычнага корпуса”.

Адзначаецца, што Латушка “павіншаваў прадстаўніка Арменіі ў Польшчы з нацыянальным святам і пажадаў армянскаму грамадству росквіту і дабрабыту”.

Раней 21 верасня з кароткім віншаваннем з нагоды Дня незалежнасці Арменіі выступіў Аляксандр Лукашэнка. На фоне пагаршэння адносін з Ерэванам Лукашэнка адрасаваў пасланне “народу Арменіі” — практыку такіх віншаванняў ён выкарыстоўвае ў дачыненні да дэмакратычных краін, якія не прызнаюць яго легітымным кіраўніком Беларусі.

Год таму аналагічнае віншаванне Лукашэнкі было адрасавана не толькі армянскаму народу, але і прэзідэнту краіны Ваагну Хачатурану.

У 2024 годзе адносіны паміж Мінскам і Ерэванам істотна пагоршыліся праз тое, што беларускія ўлады падтрымалі Азербайджан у карабахскім канфлікце.

Армяне заслугоўваюць “вольнай, дэмакратычнай і мірнай будучыні ў Еўропе”, заявіла Святлана Ціханоўская 5 красавіка, віншуючы народ гэтай краіны з “гістарычным крокам” на шляху да еўраінтэграцыі.

“З падпісаннем прэзідэнтам Арменіі Ваагнам Хачатуранам закона аб пачатку працэсу ўступлення Арменіі ў ЕС, ужо прынятага парламентам, пачынаецца новая глава”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

4 красавіка Хачатуран падпісаў закон “Аб пачатку працэсу ўступлення Рэспублікі Арменія ў Еўрапейскі саюз”.

12 лютага парламент Арменіі прыняў законапраект аб пачатку ўступлення ў ЕС. Ініцыятарам законапраекта была грамадзянская ініцыятыва “Платформа дэмакратычных сіл”. За два месяцы яна сабрала 60 тыс. подпісаў прыхільнікаў адпаведнай ідэі, неабходных, каб вынесці дакумент на разгляд Народнага сходу.

9 студзеня законапраект ухваліў урад Арменіі.

Падзяліцца: