У МЗС абмеркавалі актывізацыю ўзаемадзеяння з федэрацыяй таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца
23 верасня, Позірк. Аб сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Ігара Сакрэты з кіраўніком прадстаўніцтва Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) у Расіі і Беларусі Франкам Мархауэрам паведаміла 23 верасня беларускае знешнепалітычнае ведамства.
Бакі, як паведамляецца, “абмеркавалі шырокі спектр кірункаў супрацоўніцтва Беларусі і федэрацыі, разгледзелі шляхі магчымай інтэнсіфікацыі двухбаковага ўзаемадзеяння”.
Таксама Сакрэта і Мархауэр абмяняліся меркаваннямі аб “гуманітарнай сітуацыю ў рэгіёне і свеце, падыходы да актуальных пытанняў шматбаковага парадку дня”.
“Падчас сустрэчы была адзначана важнасць далейшай сумеснай працы над гуманітарнымі праектамі, накіраванымі на падтрымку розных уразлівых катэгорый насельніцтва”, — заявілі ў МЗС.
МФТЧКіЧП з 1 снежня 2023 года прыпыніла членства Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) у арганізацыі. Пры гэтым у Беларусі працягвае працу Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК).
МКЧК нароўні з МФТЧКіЧП, а таксама нацыянальнымі таварыствамі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ўваходзіць у Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
МФТЧКіЧП перастала супрацоўнічаць з БЧК, паколькі беларуская арганізацыя не выканала патрабаванне федэрацыі ад 3 кастрычніка 2023 года вызваліць ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць ў датычнасці да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны і які таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі пра размешчаную ў Беларусі расійскую ядзерную зброю.
Шаўцоў уключаны ў 13-ы пакет санкцый ЕС, бо ён “выкарыстоўвае Беларускі Чырвоны Крыж для арганізацыі і садзейнічання пераезду ўкраінскіх дзяцей у Беларусь”, яго дзеянні “парушаюць правы ўкраінскіх дзяцей і парушаюць украінскае заканадаўства і адміністрацыйны парадак”.
5 студзеня 2024 года расследвальніцкі цэнтр “Бюро Медыя” апублікаваў даныя, з якіх вынікае, што ў выніку прыпынення членства ў МФТЧКіЧП БЧК страціць фінансаванне ў памеры 4 млн 420 тыс. рублёў штогод.
Сёлета ў жніўні Шаўцоў заявіў, што Беларускі Чырвоны Крыж задзейнічаны ў адпраўцы ўцекачоў з Украіны ў Расію.
“Мы ж ведаем, што пасля паездкі на Данбас, пасля таго як разгарэўся незразумела які скандал, членства беларускай федэрацыі прыпынена ў Міжнароднай федэрацыі Чырвонага крыжа. Але Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа не прыпыняў працу з намі. Ён сказаў, што будзе працягваць працу з БЧК, таму што яны бачаць нашу падрыхтоўку. Яны лічаць, што мы адно з найлепшых нацыянальных таварыстваў у свеце”, — сказаў Шаўцоў у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1”.
Асноўным напрамкам узаемадзеяння з МКЧК ён назваў наданне дапамогі грамадзянам Украіны, якія прыбываюць у Беларусь праз краіны ЕС, у тым ліку фінансавай.
“Мы гэтых людзей прымаем, сустракаем, суправаджаем і перадаём ужо далей расійскаму Чырвонаму Крыжу, каб гэтыя людзі з’ядналіся са сваімі сем’ямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі РФ”, — сказаў кіраўнік БЧК.
Пры гэтым украінскіх уцекачоў ён назваў мігрантамі.

- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 23 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Анонсы, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства18% насельніцтва Беларусі старэйшыя за 65 гадоў — даныя Мінпрацы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка