Кіраўнік СПБ Борыс: Я вяду перамовы аб вызваленні Пачобута як з польскім, так і з беларускім бокам

24 верасня, Позірк. Старшыня неафіцыйнага Саюза палякаў (СПБ) Анжаліка Борыс вядзе перамовы аб вызваленні журналіста Анджэя Пачобута “як з польскім, так і з беларускім бокам”. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita.
У прыватнасці, паводле слоў Борыс, з просьбай аб вызваленні палітвязня яна звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі.
Адказваючы на пытанне, чаму жонцы Пачобута ўлады не дазваляюць бачыцца з ім, а Борыс 23 верасня ўжо другі раз наведала палітвязня ў калоніі №1 горада Наваполацка (Віцебская вобласць), кіраўнік СПБ сказала: “Не ведаю. Магчыма, гэта таму, што за мной стаіць арганізацыя з тысяч чалавек. Я стараюся падтрымліваць хоць нейкую сувязь з Анджэем. Я не хачу нікога падвяргаць небяспецы. Я хачу дапамагаць, а не шкодзіць. І я рада, што ні Польшча, ні Беларусь не пацярпелі праз маю дзейнасць”.
Паводле слоў Борыс, Пачобут цяпер важыць 73 кг, раней ён тыдзень правёў у бальніцы, дзе атрымліваў неабходныя лекі. “Ён сказаў, што набраў вагу ў бальніцы. Турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго, гэта мая асабістая ацэнка”, — удакладніла яна.
Борыс падкрэсліла, што польская меншасць у Беларусі “не займаецца палітыкай”, не хоча “ніякай канфрантацыі”. Яна адзначыла, што ў Беларусі больш за 3.000 дзяцей вывучаюць польскую мову ў розных гарадах, сваю місію Борыс бачыць у захаванні польскасці ў Беларусі і будзе кіравацца “здаровым сэнсам”.
Адказваючы на пытанне, ці заключыла яна здзелку з рэжымам Лукашэнкі, Борыс адзначыла: “Я не заключала ніякіх здзелак і не падпісвала ніякіх пагадненняў. Знаходзячыся ў турме, я ні на каго не даносіла”.
Яна сказала, што не можа з’ехаць з Беларусі, пакінуўшы Пачобута ў зняволенні.
“Я прэзідэнт Саюза палякаў Беларусі і не магу кінуць людзей, за якіх нясу адказнасць. І самае галоўнае, мая польскасць — на Нёмане. Я там, дзе я ёсць, змяняюцца толькі абставіны вакол мяне. Калі ёсць хоць тонкая нітка дыялогу, я ёю скарыстаюся”, — сказала Барыс. Кіраўнік СПБ таксама паведаміла, што 23 верасня тэма гатоўнасці Пачобута пакінуць Беларусь у выпадку вызвалення не абмяркоўвалася. У жніўні 2024 года Барыс сцвярджала, што журналіст пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызвалення.
8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.
Пасля рашэння суда, 10 лютага 2023 года, Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных тады для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).
11 верасня, пасля прымусовага вывазу ў Літву больш за 50 зняволеных у межах угоды паміж Вашынгтонам і Мінскам, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што пытанне вызвалення Пачобута застаецца прыярытэтам для Варшавы. “[Пачобут] з’яўляецца першым у спісе нашых чаканняў”, — сказаў ён. Туск не выключыў, што “гэта прычына, па якой яны не хочуць яго вызваляць”.
17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю”, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка даў зразумець, што пытанне пра вызваленне Пачобута разглядалася, але было знята.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваУ Мінскай вобласці не паспеюць да ацяпляльнага сезона замяніць усе цепласеткі — чыноўнік ЖКГМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаУ жніўні намінальны сярэдні заробак паменшыўся на 9,7 рубля, гэта першае зніжэнне са студзеня (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства