Мінск 12:06

У Клімавічах гарэў адукацыйны цэнтр, эвакуіравалі шасцярых дзяцей

25 верасня, Позірк. Аб пажары ў будынку Клімавіцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (Магілёўская вобласць) гаворыцца ў аператыўнай сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паведамленне аб пажары паступіла ў МНС 24 верасня ў 11:34. Адзначаецца, што на кухні адукацыйнага цэнтра гарэла духавая шафа.

“Пацярпелых няма. Адміністрацыяй установы з будынка эвакуяваныя 23 чалавекі, з іх шасцёра дзяцей. Прычына пажару высвятляецца”, — адзначаецца ў зводцы.

Паводле даных МНС, за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 24 верасня па 6:00 25-га), ад агню ў Беларусі загінулі два чалавекі.

Гібель мужчыны 1971 года нараджэння зафіксаваная ў вёсцы Турышчава Горацкага раёна (Магілёўская вобласць). Пенсіянерка 1951 г.н. загінула на пажары ў вёсцы Баёўка Шумілінскага раёна (Віцебская вобласць).

Паводле афіцыйных звестак МНС, у Беларусі з пачатку года здарыліся 4.873 пажары — на 8% больш, чым на аналагічную дату 2024-га (4.510). Загінула 384 чалавек (347; +10,7%).

“Позірк” неаднаразова звяртаў увагу на тое, што МНС перыядычна карэктуе статыстыку смяротнасці на пажарах у бок змяншэння. Падобны прыклад, у прыватнасці, быў зафіксаваны 23 жніўня, калі ведамства паведаміла аб чатырох загінулых за суткі і 355 — з пачатку года, хоць напярэдадні агульная лічба загінулых была 353.

Падзяліцца: