Мінск 18:24

Бяляцкі быў і застаецца апорай для змагароў за свабоду — спікер Сейма Літвы

Фота: "Позірк"

25 верасня, Позірк. Алесь Бяляцкі — адзін з самых яркіх змагароў за правы чалавека, “светач, які заззяў на небасхіле Беларусі, абараняючы правы і справядлівасць”, заявіў спікер Сейма Літвы Юозас Олекас 25 верасня ў літоўскім парламенце на адкрыцці фотавыставы, прымеркаванай да 63-годдзя кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і палітвязня.

Экспазіцыю падрыхтавалі апарат спікера Сейма, Офіс беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, цэнтр “Еўрапейскі дыялог” і “Вясна”.

Паводле слоў Олекаса, Бяляцкі “быў і застаецца апорай для тых, хто змагаецца за свабоду, шукае справядлівасці ў сваіх краінах”.

“Налета мы будзем адзначаць 30-годдзе “Вясны”, — нагадаў літоўскі парламентарый. — Ад самага пачатку сваёй дзейнасці гэтая арганізацыя збірае інфармацыю, дапамагае палітычным зняволеным і людзям, якія імкнуцца да справядлівасці ў Беларусі, што знаходзіцца пад уладай дыктатара”.

“Сёння, узгадваючы гісторыю дзейнасці Бяляцкага, мы бачым той уплыў, які ён зрабіў на іншых змагароў за свабодны свет. Нягледзячы на ​​турму і катаванні, ён не адступіў. Гэтая выстава адлюстроўвае яго моцны дух. Ён будуе масты паміж людзьмі, якія змагаюцца за свабоду”, — адзначыў Олекас.

Спікер Сейма звярнуў увагу на фатаграфіі Бяляцкага з палітыкамі і прадстаўнікамі розных арганізацый, якія дэманструюць той факт, што праваабаронца змог аб’яднаць людзей, што “падтрымліваюць усіх палітычных зняволеных у Беларусі”.

“Я сустракаў многіх людзей — у літоўскім парламенце, іншых нацыянальных парламентах, у Еўрапейскім парламенце, якія прызнаюць яго аўтарытэт. Гэты аўтарытэт натхняе іх далучацца і падтрымліваць беларускіх вязняў”, — падкрэсліў Олекас.

Экспазіцыя, на яго думку, заклікана нагадаць, што Літве ў тым ліку трэба працягваць “падтрымліваць правую справу” Бяляцкага.

“Мы, будучы суседзямі Беларусі, мусім быць удзячныя яму. Мы павінны зноў сказаць: мы разам з Алесем Бяляцкім, са змагарамі, якія ніколі не пакідаюць сваіх сяброў”, — падсумаваў кіраўнік літоўскага парламента.

Старшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі ў сваю чаргу адзначыў, што беларусы чэрпаюць натхненне ў “прыкладзе і мужнасці Алеся Бяляцкага, які стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, знаходзячыся ў турме за сваю праваабарончую дзейнасць”.

“Людзі ў Беларусі не памянялі свайго выбару: яны, як і ў 2020 годзе, хочуць свабоды і дэмакратыі. Сёння беларускае грамадства самаарганізуецца ў сваёй барацьбе за дэмакратыю. Грамадства працуе над тым, каб дасягнуць свабоды і дэмакратыі. І мы верым, што ў найбліжэйшай будучыні мы будзем святкаваць нашу агульную перамогу разам з Алесем Бяляцкім”, — сказаў ён.

Фота: "Позірк"
Спікер Сейма Літвы Юозас Олекас
Фота: "Позірк"
Фота: "Позірк"
Старшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі
Фота: "Позірк"
Фота: "Позірк"
Праваабаронца цэнтра "Вясна" Канстанцін Старадубец
Фота: "Позірк"
Фота: "Позірк"

Праваабаронца з “Вясны” Канстанцін Старадубец нагадаў, што на свабодзе Бяляцкі “быў паўсюль, быў неверагодна актыўны, сустракаўся з іншымі праваабаронцамі, палітыкамі, грамадскімі дзеячамі”.

“Ён казаў пра Беларусь і рабіў усё, каб голас свабоднага грамадства быў чутны ва ўсім свеце, — заявіў паплечнік кіраўніка праваабарончага цэнтра. — Ён рабіў усё, каб даказаць: Беларусь — гэта не Расія, нягледзячы на ​​прарасійскага дыктатара ва ўладзе і спадчыну савецкіх часоў”.

Паводле яго слоў, Бяляцкі, “быўшы адным з заснавальнікаў беларускага дэмакратычнага руху і выдатным абаронцам беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы, бачыў сваю высакародную місію”, у цэнтры якой “заўсёды стаяла Беларусь”. Яго намаганні, перакананы Старадубец, былі плённымі: “Уздым беларускай ідэнтычнасці ў 2020 годзе стаў відавочнай прыкметай таго, што сапраўдны суверэнітэт — гэта патрабаванне грамадства, а не эмацыйны парыў”.

“Я ўпэўнены, што калі Алесь выйдзе з турмы, а Беларусь вызваліцца ад дыктатуры і таксічнага ўплыву Расіі, Бяляцкі зноў узначаліць “Вясну” і беларускую грамадзянскую супольнасць на шляху да незваротных перамен. Ён зноў будзе абапірацца на сваю неперасягненую харызму і бездакорную рэпутацыю, якую па праве многія лічаць сумленнем і гонарам нацыі, бо ён сапраўды ўвасабляе ў сабе і тое, і другое”, — заявіў прадстаўнік праваабарончага цэнтра.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года), яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы пра “кантрабанду грошай” і “фінансаванне парушэння грамадскага парадку” яны былі прыгавораныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.

У жніўні 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “Вясну” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: