Мінск 18:20

Федэрацыя лыжнага спорту прыме рашэнне аб допуску беларусаў да Алімпіяды ў кастрычніку

Фота: сайт МАК

25 верасня, Позірк. Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і сноўборда (FIS) перанесла абмеркаванне пытання аб допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да зімовых Алімпійскіх гульняў-2026 на наступны савет арганізацыі, паведамляе выданне NRK.

Пасяджэнне савета FIS пройдзе 21 кастрычніка

Папярэдняе пасяджэнне адбылося 24 верасня, рашэнне на ім прынятае не было.

Прэзідэнт Федэрацыі лыжнага спорту Нарвегіі Туве Мо Дзюрхауг паведаміла, што пытанне “абмяркоўвалася, але меркаванні падзяліліся”. Выданне адзначае, што нарвежская федэрацыя неаднаразова паведамляла, што з’яўляецца праціўнікам удзелу беларускіх і расійскіх атлетаў у міжнародных спаборніцтвах.

Па эгідай FIS праводзяцца спаборніцтвы па лыжных гонках, горных лыжах, фрыстайле і сноўбордзе.

19 верасня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) паведаміў, што індывідуальныя нейтральныя спартсмены (ІНС), якія прайшлі кваліфікацыю ў сваіх відах спорту, будуць спаборнічаць на зімовых Алімпійскіх гульнях у італьянскіх гарадах Мілан і Корціна-д’Ампеца ў 2026 годзе на тых жа ўмовах, што і на летняй Алімпіядзе ў Парыжы ў 2024 годзе.

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 года.

28 жніўня стала вядома, што ў іх не змогуць узяць удзел біятланісты з Беларусі і Расіі.

20 снежня 2024 года Міжнародны саюз канькабежцаў дазволіў нейтральным атлетам з Беларусі ўдзельнічаць у адборы на Алімпіяду, прыняўшы шэраг абмежаванняў.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка таго ж года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе. З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: