Мінск 14:18

Келаг: Здзелка ЗША з Лукашэнкам у першую чаргу тычылася каналаў сувязі з Пуціным, а не вызвалення палітвязняў

Архіўнае фота: JKTKMM / Wikimedia Commons

30 верасня, Позірк. Здзелка ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам у першую чаргу тычылася “забеспячэння каналаў сувязі” з Уладзімірам Пуціным, а не вызвалення палітзняволеных, заявіў брытанскаму выданню Guardian спецпрадстаўнік амерыканскага прэзідэнта па пытаннях Украіны Кіт Келаг.

Паводле яго слоў, Лукашэнка “шмат мае зносін з прэзідэнтам Пуціным”. “Мы не ўпэўненыя, што менавіта ён кажа, але мы ведаем, што ён з ім мае зносіны”, — сказаў Келаг.

“Мы ўстанавілі адносіны, каб забяспечыць адкрытасць каналаў сувязі і гарантаваць, што ўсе нашы паведамленні дойдуць да прэзідэнта Пуціна. Менавіта таму мы гэта зрабілі; першапачаткова мы не збіраліся вызваляць палітвязняў”, — удакладніў спецпрадстаўнік.

Келаг падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў “з’яўляецца станоўчым момантам”, але галоўнай мэтай амерыканскага боку было не гэта, а “пошук найлепшага магчымага вырашэння вайны паміж Украінай і Расіяй”.

Вашынгтон засяродзілі ўвагу на тым, каб “паведамленні, што накіроўваюцца Уладзіміру Пуціну, адпавядалі паведамленням, якія былі накіраваныя ў іншыя колы”, адзначыў ён.

ЗША “не наіўныя” ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, дадаў Келаг: “Мы ведаем, што калі ён вызваліць аднаго [палітвязня], ён, верагодна, забярэ яшчэ дваіх”.

Таксама Келаг паведаміў, што намаганні ЗША былі накіраваныя на тое, каб дапамагчы кампаніі “Белавія” “адрамантаваць свае самалёты”, каб яны “не падалі з неба”. Пры гэтым для Вашынгтона важна, каб Мінск не выкарыстоўваў сваю грамадзянскую авіяцыю ў “гнюсных мэтах”, у прыватнасці, для перавозкі мігрантаў у Еўропу.

12 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоваў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, было вызвалена 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкі. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны.

Адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Пра яго лёс дакладнай інфармацыі няма.

У дзень вызвалення згаданай групы вязняў намеснік спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джон Коўл, які ўдзельнічаў у перамовах з Лукашэнкам, паведаміў журналістам у Вільнюсе, што Вашынгтон дамагаецца нармалізацыі адносін з Беларуссю. Адным з крокаў амерыканскага боку на гэтым шляху стала тое, што Міністэрства фінансаў дазволіла частку аперацый з “Белавія”.

Падзяліцца: