Мінск 18:44

Сікорскі заявіў пра рух наперад у польска-амерыканскім дыялогу па вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў

Фота на старонцы Сікорскага ў сацыяльнай сетцы Х

30 верасня, Позірк. Пра рух наперад у польска-амерыканскім дыялогу па пытанні вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі заявіў 30 верасня міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі. Адпаведную публікацыю на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х ён суправадзіў фатаграфіяй перамоў з дэлегацыяй на чале з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстаферам Смітам.

“Можа быць і будзе дасягнута яшчэ больш, — напісаў кіраўнік польскай дыпламатыі. — Кожны крок па амністыі [палітвязняў Аляксандрам Лукашэнкам] быў вынікам намаганняў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго высокакваліфікаванай каманды, у тым ліку [намесніка спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне] Джона Коўла і Крыса Сміта”.

30 верасня брытанскае выданне Guardian апублікавала размову са спецпрадстаўніком амерыканскага прэзідэнта па пытаннях Украіны Кітам Келагам, які заявіў, што здзелка ЗША з Лукашэнкам у першую чаргу тычылася “забеспячэння каналаў сувязі” з Уладзімірам Пуціным, а не вызвалення палітвязняў.

Прадстаўнік Дональда Трампа падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў “з’яўляецца станоўчым момантам”, але галоўнай мэтай амерыканскага боку было не гэта, а “пошук найлепшага магчымага вырашэння вайны паміж Украінай і Расіяй”.

ЗША “не наіўныя” ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, дадаў Келаг: “Мы ведаем, што калі ён вызваліць аднаго [палітвязня], ён, верагодна, забярэ яшчэ дваіх”.

Таксама Келаг паведаміў, што намаганні ЗША былі скіраваныя на тое, каб дапамагчы кампаніі “Белавія” “адрамантаваць свае самалёты”, каб яны “не падалі з неба”. Пры гэтым для Вашынгтона важна, каб Мінск не выкарыстоўваў сваю грамадзянскую авіяцыю ў “гнюсных мэтах”, у прыватнасці для перавозкі мігрантаў у Еўропу.

2 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, былі вызваленыя 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкі. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны. Адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Пра яго лёс дакладнай інфармацыі няма.

У дзень вызвалення згаданай групы вязняў Джон Коўл, які ўдзельнічаў у перамовах з Лукашэнкам, паведаміў журналістам у Вільнюсе, што Вашынгтон дамагаецца нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Адным з крокаў амерыканскага боку на гэтым шляху стала тое, што Міністэрства фінансаў дазволіла частку аперацый з “Белавія”.

28 верасня Коўл, рэагуючы ў сацсетцы Х на віншаванне Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), адрасаванае палітвязню, праваабаронцу, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму з нагоды 63-годдзя, напісаў, што “займаецца” пытаннем яго вызвалення. Паводле слоў прадстаўніка ЗША, выхад праваабаронцы на свабоду можа адбыцца “вельмі хутка”.

24 верасня кіраўнік НАУ Павел Латушка выказаў меркаванне, што “найбліжэйшымі днямі” можа адбыцца вызваленне абвінавачанага ў Беларусі ў шпіянажы грамадзяніна Польшчы Гжэгажа Гавела і актывіста польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута.

Паводле слоў Латушкі, паміж польскім бокам і рэжымам Лукашэнкі маглі прайсці канфідэнцыйныя кансультацыі, магчыма, пры дапамозе пасярэднікаў.

Падзяліцца: