Мінск 22:40

Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі будзе пастаўляць вузлы і агрэгаты для расійскіх самалётаў МС-21

Самалёт МС-21
Архіўнае фота: yakovlev.ru

30 верасня, Позірк. Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407 і авіяцыйны завод “Авіястар” (Ульянаўск, РФ) заключылі пагадненне аб супрацы, якое прадугледжвае пастаўкі вузлоў і агрэгатаў для расійскіх самалётаў МС-21, паведаміла прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, дакумент падпісаны на палях прамысловага форуму “ІННАПРАМ. Беларусь”.

Губернатар Ульянаўскай вобласці РФ Аляксей Рускіх, паводле даных Мінтранса Беларусі, заявіў, што падрыхтоўка да падпісання пагаднення, звязаная з перадачай тэхнічнай дакументацыі, вялася каля двух гадоў.

“На сённяшні дзень Мінскі завод № 407 і 558-ы авіяцыйны рамонтны завод (Баранавічы, Брэсцкая вобласць. — “Позірк”.) ужо ажыццяўляюць пастаўку вузлоў і камплектуючых для самалёта ІЛ-76. Сёння мы падпісалі пагадненне аб пастаўках для самалёта МС-21, які збіраецца ў Іркуцкай вобласці, а вузлы і агрэгаты выпускаюцца ў нас на “Авіястар”, — адзначыў расійскі чыноўнік.

Рускіх мяркуе, што колькасць найменняў прадукцыі, якія стануць вырабляць у Беларусі для расійскіх авіяцыйных заводаў, “будзе толькі расці”.

Летась у сакавіку генеральны дырэктар авіякампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец заявіў пра жаданне як мага хутчэй набыць расійскія самалёты МС-21 і Sukhoi Superjet New (SSJ-NEW).

“Але пакуль іх яшчэ няма, яны праходзяць стадыю выпрабаванняў, там недастаткова яшчэ ўсіх кампанентаў імпартазамешчаных, але тым не менш, гэты працэс ідзе. <…> Я ўпэўнены, што гэта атрымаецца ў канчатковым выніку, крыху зацягваецца, але я б не палохаўся вось гэтага вось зацягвання”, — сказаў тады кіраўнік беларускага авіяперавозчыка.

МС-21 — сямейства сярэднемагістральных пасажырскіх самалётаў, якое ствараюць прадпрыемствы расійскай дзяржаўнай карпарацыі “Растэх”. Раней планавалася, што серыйныя пастаўкі самалёта пачнуцца ў 2024 годзе, але іх перанеслі на 2025–2026 гады.

Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі размешчаны на тэрыторыі нацыянальнага аэрапорта “Мінск”. У трэцюю гадавіну сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года прадпрыемства трапіла пад санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі.

Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня на сустрэчы ў Мінску з губернатарам Самарскай вобласці Вячаславам Федарышчавым заявіў, што ў Беларусі “сур’ёзна рушылі наперад у сферы авіябудавання”, рэалізуецца сумесны з РФ праект па стварэнню 19-мясцовага шматмэтавага самалёта “Асвей”, “вытворчасць камплектуючых”.

“Асвей” мы створым абавязкова. Мы выканаем свае абавязацельствы. Мы гатовыя тут працаваць. Вы ведаеце, што ў нас магутная рамонтная база па самалётабудаванні, верталётабудаванні, па бронетэхніцы. Мы яе развіваем да ўзроўню вытворчасці, каб мы маглі не толькі рамантаваць, але і вырабляць”, — сказаў ён.

Пра стварэнне сумеснага з Расіяй самалёта паведаміў у ліпені 2023 года ў той час прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

У студзені 2024 года цяпер старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, які займаў тады пасаду віцэ-прэм’ера, заявіў, што першыя беларуска-расійскія самалёты плануецца выпусціць “да 2026 года”, да 2030-га іх колькасць павінна скласці “85–100 штук”. Тады ён паведаміў, што для рэалізацыі праекта “трэба пабудаваць 20 тыс. квадратных метраў дадатковых вытворчых плошчаў і набыць каля сотні адзінак высокаскладанага абсталявання”.

Летась у красавіку Пархомчык і віцэ-прэм’ер РФ — міністр прамысловасці і гандлю Дзяніс Мантураў падпісалі пагадненне аб сумеснай вытворчасці лёгкага шматмэтавага самалёта.

11 кастрычніка таго ж года Лукашэнка падпісаў закон, які ратыфікуе міжурадавае пагадненне “аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухальнага лёгкага шматмэтавага самалёта “Асвей”.

За рэалізацыю доследна-канструктарскай працы па распрацоўцы самалёта адказваюць Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт Беларусі і Міністэрства прамысловасці і гандлю РФ. Галаўны выканаўца з расійскага боку — Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі, беларускі сувыканаўца — 558-ы авіяцыйны рамонтны завод.

558-ы авіярамонтны завод знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.

Падзяліцца: