Мінск 12:44

Людзей у Geely ад наступстваў аварыі ў Слуцкім раёне збераглі рамяні бяспекі — ДАІ

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

4 кастрычніка, Позірк. Рамяні бяспекі збераглі кіроўцу і пасажыраў аўтамабіля Geely, што трапіў напярэдадні ў аварыю ў Слуцкім раёне (Мінская вобласць), у выніку якой загінулі людзі ў іншым аўто, вынікае з распаўсюджанага прэс-службай МУС відэакаментарыю начальніка Упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі УУС Мінаблвыканкама Сяргея Бандарэнкі.

Міліцэйскі начальнік нагадаў, што трагедыя адбылася 3 кастрычніка ў 20:55 на 94-м кіламетры аўтадарогі Р-23 (Мінск — Мікашэвічы). 43-гадовая жанчына за рулём аўтамабіля Audi 80, выязджаючы з другаснай дарогі (як раней паведамляла МУС, з мясцовага праезду ў вёсцы Гарадзішча), не прапусціла аўтамабіль Geely Atlas, што рухаўся па галоўнай дарозе.

У выніку сутыкнення кіроўца Audi і яе пасажыры — мужчына і жанчына 65 гадоў і 9-гадовы хлопчык — памерлі на месцы здарэння.

“Варта адзначыць, што апрача кіроўцы 1979 года нараджэння ў аўтамабілі Geely знаходзіліся таксама двое дзяцей — 12 і 16 гадоў. Пры гэтым усе яны былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, у сувязі з чым ніхто з пасажыраў і кіроўца аўтамабіля Geely не пацярпелі”, — звярнуў увагу Бандарэнка.

Па факце аварыі распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб).

Падзяліцца: