Мінск 19:33

Перагаворы Лукашэнкі з султанам Амана пройдуць 6 кастрычніка ў Мінску

Аляксандр Лукашэнка і султан Амана Хайсам бін Тарык аль Саід (Маскат, 15 снежня 2024 года)
Архіўнае фота: Oman News Agency

4 кастрычніка, Позірк. У рамках візіту султана Амана Хайсама бін Тарыка аль Саіда ў Беларусь 6 кастрычніка ў Мінску пройдуць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе прэс-служба апошняга.

На сустрэчы яны маюць намер разгледзець “ход рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у снежні 2024 года” падчас візіту Лукашэнкі ў Аман, а таксама абмеркаваць “перспектыўныя напрамкі і шляхі паглыблення супрацы ў розных сферах”.

“Галоўны акцэнт на паглыбленні гандлёва-эканамічнай супрацы. Па выніках перагавораў бакі плануюць падпісаць шэраг міжнародных дакументаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

4 кастрычніка выданне Times of Oman са спасылкай на Канцылярыю султанскага двара паведаміла, што манарх наведае Беларусь 6–7 кастрычніка на запрашэнне Лукашэнкі.

“Візіт адбудзецца ў рамках развіцця стасункаў супрацы паміж Аманам і Беларуссю і надання ім больш шырокіх гарызонтаў такім чынам, каб гэта адпавядала імкненням дзвюх краін, — гаворыцца ў распаўсюджанай медыя заяве. — Падчас візіту будуць абмяркоўвацца напрамкі супрацы паміж дзвюма дзяржавамі ў розных сферах і шляхі іх умацавання ў інтарэсах абодвух бакоў. Падчас візіту два лідары абмяняюцца думкамі па шэрагу актуальных рэгіянальных і міжнародных пытанняў”.

Султана будуць суправаджаць віцэ-прэм’ер па пытаннях абароны Саід Шыхаб бін Тарык аль Саід, міністр Канцылярыі султанскага двара Саід Халід бін Хілал аль Бусаідзі, міністр Манаршага офіса генерал Султан бін Мухамед аль Нуамані, міністр замежных спраў Саід Бадр бін Хамад аль Бусаідзі, кіраўнік Прыватнага кабінета султана доктар Хамад бін Саід аль Ауфі, старшыня Інвестыцыйнага ўпраўлення Амана Абдуссалам бін Мухамед аль Муршыдзі, міністр гандлю, прамысловасці і заахвочвання інвестыцый Каіс бін Мухамед аль Юсэф, амбасадар Амана ў Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Хамуд бін Салім аль Туваіх.

Лукашэнка знаходзіўся ў Амане з працоўным візітам у снежні 2024 года. На сустрэчы з султанам ён абмеркаваў “стан і перспектывы развіцця стасункаў”. Беларускі палітык заявіў, што Мінск і Маскат створаць “міжўрадавую камісію або камітэт” і выпрацуюць дарожную карту па двухбаковай супрацы.

14 снежня 2024 года паведамлялася, што для грамадзян Беларусі пачала дзейнічаць працэдура спрошчанага ўезду ў Аман. Без візы ў краіне можна знаходзіцца не больш за 14 дзён. Тады ж стала вядома пра тое, што паміж Беларуссю і Аманам будуць наладжаныя прамыя авіязносіны. 1 кастрычніка 2025-га Лукашэнка сваім указам ухваліў праект пагаднення з Аманам пра ўзаемнае скасаванне віз.

19 траўня 2025 года Лукашэнка, прымаючы ў Мінску спадкаемнага прынца, міністра культуры, моладзі і спорту Амана Зеязіна бін Хайсама аль Саіда, заявіў, што Беларусь сярод іншага зацікаўленая ў партовай інфраструктуры гэтай дзяржавы.

16 чэрвеня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і яго аманскі калега Саід Бадр бін Хамад аль Бусаідзі па тэлефоне абмеркавалі “шырокае кола пытанняў” двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.

Паводле даных Міністэрства замежных спраў, у 2021 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Аманам складаў 1,5 млн долараў (беларускі экспарт — 0,9 млн). У аснове беларускіх паставак тады ляжалі калійныя ўгнаенні і прадукты харчавання. Актуальнай інфармацыі на сайце МЗС няма.

Падзяліцца: