Мінск 18:35

Кругласутачная служба экстранай псіхалагічнай дапамогі па нумары 133 запрацавала ў пастаянным рэжыме

10 кастрычніка, Позірк. Кругласутачная служба экстранай псіхалагічнай дапамогі па тэлефонным нумары 133 запрацавала ў пастаянным рэжыме, паведаміла 10 кастрычніка псіхіятр-нарколаг, вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Аксана Шылава на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню псіхічнага здароўя.

Паводле яе слоў, званкі бясплатныя і ананімныя для абанентаў Белтэлекам, А1, МТС, life:), на іх адказваюць псіхолагі сістэмы аховы здароўя.

На лінію 133 варта тэлефанаваць у выпадку “цяжкага перажывання крызісаў”, сказала Шылава. “Гаворка ідзе пра сітуацыі, калі, напрыклад, памёр блізкі чалавек, адбылося растанне, разбурэнне сям’і, ці проста вы перажываеце нейкі крызіс, разумееце, што жыць як раней нельга. Вы атрымалі інфармацыю, што вы цяжка хворыя і вам трэба будзе пераадоленне хваробы. Вам чакаюць нейкія складаныя змены ў жыцці, і вы не ведаеце, гатовыя да іх ці не. Можаце патэлефанаваць у любы час — раніцай, уначы, вечарам, пагаварыць з прафесіяналам, пагаварыць з чалавекам, які не будзе вас асуджаць, не будзе вас вучыць, вас зразумее і дапаможа вам прыняць тое рашэнне, якое будзе з’яўляцца больш адэкватным”, — удакладніла спікер.

Калі праблема не крызісная, патрабуе больш працяглай працы са спецыялістам і пры гэтым “ёсць жаданне лепш зразумець сябе”, урач рэкамендавала звяртацца да псіхолагаў, якія аказваюць дапамогу ва ўстановах аховы здароўя, а таксама ў прыватным парадку, у тым ліку анлайн.

Псіхолаг можа параіць звярнуцца да псіхіятра або па псіхатэрапеўта, да якіх варта ісці, калі да адчування “я не спраўляюся” дадаецца дрэннае самаадчуванне, дадала Шылава.

“Вы разумееце, што вы ўжо не спраўляецеся на працы, вы не спраўляецеся са сваёй руцінай, і вы хочаце дапамогі. Лепшае, што вы можаце зрабіць для сябе, — папрасіць аб дапамозе ў спецыяліста. Прызначэнне ў гэтай сітуацыі псіхатэрапеўтычнай дапамогі, падтрымкі альбо медыкаментознай, з’яўляецца часта адэкватнай, карыснай і неабходнай. Не трэба баяцца дапамогі псіхіятра”, — падкрэсліла ўрач.

Яна адзначыла, што крызісы ў жыцці непазбежныя, здараюцца і драматычныя падзеі, аднак тое, як чалавек іх перажывае, звязана са станам яго псіхікі, яе адаптыўнасцю, ўнутранымі рэсурсамі. Менавіта ад гэтага залежыць, як чалавек “зможа перажыць крызісную складаную сітуацыю, ці прывядзе гэта да псіхічнага разладу, ці сфарміруецца так званы посттраўматычны стрэсавы разлад”.

Распаўсюджанымі псіхічнымі парушэннямі, такімі як трывога, дэпрэсія, разлад адаптацыі, пакутуе каля 25% насельніцтва краіны. Такія даныя са спасылкай на сусветную статыстыку прывёў на прэс-канферэнцыі 9 кастрычніка 2024 года дацэнт кафедры псіхіятрыі, наркалогіі, псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта (БДМУ), кандыдат медыцынскіх навук Сяргей Давідоўскі.

Ад дэпрэсіі, паводле яго слоў, пакутуе каля 5% насельніцтва (больш за 450 тыс. чалавек). Уплыў псіхічных парушэнняў з’яўляецца адным з фактараў рызыкі развіцця розных саматычных парушэнняў — ад сардэчна-сасудзістых да анкалагічных, адзначыў дацэнт БДМУ.

Давідоўскі падкрэсліў, што ў краіне ёсць магчымасць атрымаць псіхатэрапеўтычную і псіхалагічную дапамогу, у тым ліку бясплатна.

Пасля падзей 2020 года многія беларусы скардзіліся на псіхічнае здароўе. Цягам некалькіх тыдняў пасля прэзідэнцкіх выбараў псіхолагі дзяжурылі каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску (1-ы завулак Акрэсціна), аказваючы дапамогу пратэстоўцам пасля вызвалення.

Пазней у многіх, у тым ліку тых, хто быў прыгавораны да пазбаўлення волі, развіваліся дэпрэсія, посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), трывожнасць і іншыя праблемы з ментальным здароўем. ПТСР таксама дыягнастуюць у многіх грамадзян, вымушаных праз рэпрэсіі эміграваць з краіны.

Падзяліцца: