Мінск 03:47

Любоў да сваёй культуры і гісторыі на першым месцы сярод прыкмет патрыёта для жыхароў беларускіх гарадоў, лаяльнасць уладам — на перадапошнім

Статут Вялікага княства Літоўскага
Фота: Аліна Мазавец / maldzis.world

10 кастрычніка, Позірк. Любоў да беларускай культуры і гісторыі знаходзіцца на першым месцы сярод прыкмет патрыёта для жыхароў гарадоў, лаяльнасць уладам — на перадапошнім. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання, праведзенага ў верасні 2025 года экспертнай ініцыятывай iSANS.

Адказваючы на пытанне “Што для вас быць патрыётам Беларусі?”, 57% удзельнікаў выбралі варыянт “Любоў да беларускай культуры і гісторыі”, 51% — “Сумленная праца, сплата падаткаў і выкананне законаў”, 50% — “Клопат пра будучыню Беларусі”, 49% — “Павага да культуры і традыцый усіх народаў, што жывуць у Беларусі”, па 41% — “Павага да дзяржаўных сімвалаў Беларусі” і “Гатоўнасць у цяжкія часы бараніць Беларусь, нават рызыкуючы сабой”.

Далей: 36% — “Гатоўнасць жыць і працаваць толькі ў Беларусі”, 34% — “Падтрымка беларускіх вытворцаў і эканомікі краіны”, 32% — “Актыўная дзейнасць на карысць Беларусі”, 28% — “Падтрымка дзяржавы і яе палітыкі”, 19% — “Імкненне размаўляць на беларускай мове”.

Не змаглі адказаць 7%.

Паводле iSANS, сітуацыя з беларускай мовай не такая ўжо і гнятлівая: за апошнія 11 гадоў доля тых, хто лічыць яе фактарам, што аб’ядноўвае народ, павялічылася з 17% да 23%. Гэта другое месца паводле дынамікі сярод іншых васьмі пазіцый пасля нацыянальных традыцый (рост з 44% да 51%), хоць па-ранейшаму агульнае перадапошняе месца (на апошнім — рэлігія і веравызнанне, дзе адзначаны рост з 14% да 17%).

Патрыётамі сябе лічаць і хутчэй лічаць 84% апытаных (48% і 36% адпаведна). У 2014 годзе такіх было 69% (29% і 40%). Доля тых, хто патрыётам сябе не лічыць або хутчэй не лічыць, скарацілася з 14% да 6%. Колькасць тых, хто не змог вызначыцца, паменшылася з 17% да 9%.

Для 27% гісторыя беларускай дзяржаўнасці пачынаецца з перыяду Тураўскага, Полацкага княстваў, для 17% — з Вялікага княства Літоўскага, для 9% — з Беларускай Народнай Рэспублікі, таксама для 9% — з сучаснай Рэспублікі Беларусь, для 6% — з БССР, для 3% — з Рэчы Паспалітай, для 2% — з Расійскай імперыі. 27% не змаглі адказаць.

Апытанне праводзілася на двух анлайн-панэлях з 5 па 23 верасня 2025 года, у ім удзельнічала 1.496 чалавек. Арганізатары заяўляюць, што выбарка “адпавядае структуры гарадскіх жыхароў Беларусі ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў і скарэктавана паводле полу, узросту і рэгіёна пражывання”. 14,2% удзельнікаў не прайшлі ўвесь апытальны ліст (dropoff rate).

Падзяліцца: