Лукашэнка паабяцаў “усялякую дапамогу” народу Лівіі

21 кастрычніка, Позірк. Беларусь гатовая да “любых прапаноў” з лівійскага боку і здольная “аказаць усялякую дапамогу і падтрымку лівійскаму народу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з намеснікам галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміяй Садамам Хафтарам (сын вярхоўнага галоўнакамандуючага ЛНА Халіфы Хафтара).
Кажучы пра свой візіт у Лівію 25 гадоў таму, палітык, як перадае яго прэс-служба, падкрэсліў, што тады бакі “шмат пра што дамовіліся, нямала зрабілі”. Аднак стасункі былі зруйнаваныя — праз “пэўныя прычыны”.
Гаспадар сустрэчы запэўніў госця, што “ўсе дамоўленасці”, якія ўжо былі і яшчэ будуць дасягнутыя, беларускі бок “абавязкова выканае”.
“Я ведаю, што вы нацэленыя на тое, каб прынесці лівійскаму народу мір і спакой і аб’яднаць у адзіную цэлую лівійскую дзяржаву. Мы ў гэтым плане гатовыя з вамі працаваць дзень і ноч”, — заявіў Лукашэнка.
У сярэдзіне лютага 2025 года Халіфа Хафтар і яго сын Садам наведвалі Беларусь, каб абмеркаваць супрацу ў вайсковай сферы. Лукашэнка на сустрэчы з вярхоўным галоўнакамандуючым ЛНА заявіў, што гатовы да сумеснай працы.
У сакавіку Бенгазі наведала дэлегацыя Беларусі на чале з віцэ-прэм’ерам Віктарам Каранкевічам. Візіцёры прэзентавалі “магчымасці беларускай нафтаперапрацоўкі”, абмеркавалі супрацоўніцтва ў галіне геолагаразведкі ды інш.
Яшчэ адзін візіт урадавай дэлегацыі — ізноў з Каранкевічам — адбыўся ў траўні. Тады гаворка ішла пра развіццё супрацы ў гуманітарнай, сацыяльнай, эканамічнай сферах (у тым ліку пра пастаўкі прадуктаў харчавання, тэхнікі, сумесныя праекты ў адукацыі і медыцыне), а таксама пра ўзаемадзеянне ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы ды інш.
Лукашэнка наведваў Лівію ў 2000 годзе. У рамках візіту ён правёў перамовы з Муамарам Кадафі, які тады быў фактычным лідарам краіны. У 2008 годзе Кадафі пабываў у Беларусі.
Дэ-юрэ Лівія — адзіная дзяржава, але дэ-факта пасля звяржэння і забойства ў 2011 годзе Кадафі (кіраваў 42 гады) краіна апынулася падзеленай і цяпер кіруецца некалькімі цэнтрамі ўлады.
ААН і міжнародная супольнасць прызнае ўрад нацыянальнага адзінства (УНА) на чале з прэм’ер-міністрам Абдэлем Хамідам Дбэйбам, які кантралюе каля траціны Лівіі — сталіцу Трыпалі і прылеглыя тэрыторыі (заходняя частка дзяржавы).
Каля дзвюх трацін краіны знаходзіцца пад кантролем усходняга ўрада Усамы Хамада, які базуецца ў Бенгазі, Палаты прадстаўнікоў у Табруку, якая яго прызначыла, і ЛНА на чале з Хафтарам, што іх падтрымлівае. Акрамя Беларусі цэнтр улады ва ўсходняй частцы Лівіі падтрымлівае Расія, Егіпет, ААЭ ды інш.
Нягледзячы на тое, што УНА мае большую вагу на міжнароднай арэне, ва ўсходняга ўрада больш уплыву ўнутры краіны, у тым ліку дзякуючы кантролю над рэсурсамі і войскам.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- ЭканомікаМінская вобласць плануе павялічыць вытворчасць мяса птушкі ў 2028 годзе на 14%, яек да 2030 года — на 30%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 21 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка