Мінск 23:55

Апаненты Лукашэнкі рыхтуюць у ЕС 15-тысячнае “вызваленчае войска” для ўварвання ў Беларусь, сцвярджае намеснік кіраўніка КДБ

Будынак КДБ у Мінску
Ілюстрацыйнае фота: Sputnik

23 кастрычніка, Позірк. На тэрыторыі Еўрасаюза “палітычныя апаненты беларускіх уладаў” рыхтуюць “вызваленчую армію”, заявіў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржбяспекі Сяргей Церабаў 23 кастрычніка на Трэцяй канферэнцыі СНД па супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму ў Душанбэ (Таджыкістан).

“Істотныя рызыкі для нацыянальнай бяспекі краіны нясе падрыхтоўка праціўнікам сілавога кампанента для захопу ўлады, у тым ліку шляхам стварэння так званай беларускай вызваленчай арміі, — цытуе намесніка кіраўніка КДБ ТАСС. — Паводле задум апанентаў улады яна павінна быць сфарміраваная па стандартах НАТО і складацца з трох брыгад агульнай колькасцю ад 9 тыс. да 15 тыс. чалавек”.

Паводле яго слоў, у якасці асновы разглядаюцца “незаконныя ўзброеныя фарміраванні з ліку грамадзян Беларусі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы, Украіны і Літвы”.

“Яе члены пад выглядам спартыўных мерапрыемстваў вядуць баявую падрыхтоўку па стандартах НАТО пад кіраўніцтвам былых або дзеючых вайскоўцаў краін НАТО і Украіны. Мэта — уварванне ў Рэспубліку Беларусь. Асноўнымі элементамі навучання такіх баевікоў з’яўляюцца выкарыстанне БПЛА, у тым ліку ўдарных дронаў, баявыя дзеянні ў гарадскіх умовах, штурм будынкаў і падрыхтоўка да правядзення дыверсій і тэрактаў, асновы мінна-выбуховай справы, выраб самаробных выбуховых прылад”, — падкрэсліў Церабаў.

Для трэніровак, паводле яго сцвярджэння, выкарыстоўваюцца баявыя дроны, стралковая зброя, а таксама “шэраг макетаў аб’ектаў дзяржкіравання, ключавых аб’ектаў узброеных сіл”.

“Падрыхтоўка і навучанне ўзброеных фаарміраванняў ажыццяўляецца на тэрыторыі Украіны і Польшчы, Чэхіі і краін Балтыі, — заявіў намеснік кіраўніка спецслужбы. — <…> Контрвыведвальнае суправаджэнне дзейнасці і кіраванне фарміраваннямі ажыццяўляе Служба бяспекі Украіны, а практычнае выкарыстанне курыруе Галоўнае ўпраўленне вызведкі Міністэрства абароны Украіны”.

У адзіны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў, 25 лютага 2024 года, Лукашэнка на выбарчым участку заявіў пра “планы збеглых“ (так ён называе беларусаў, якія эмігравалі з палітычных прычын) па “захопу асобнага невялікага населенага пункта, у прыватнасці, называліся Кобрын і Маларыта“. Кобрынскі і Маларыцкі раёны Брэсцкай вобласці мяжуюць з Украінай і знаходзяцца недалёка ад мяжы з Польшчай.

“Кавалак захапіць, уладу абвясціць, усе прызнаюць гэтую ўладу, улада звернецца ў НАТО, будуць уведзеныя войскі. Гэта не блеф. Такія планы абмяркоўваюцца. Мы інфармуем вас па ўсіх напрамках”, — заявіў тады Лукашэнка.

25 красавіка 2024 года кіраўнік КДБ Іван Церцель на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу (УНС) згадаў нейкія “вострыя чэкісцкія мерапрыемствы“ для прадухілення ўдараў, падкрэсліўшы, што праца па гэтым напрамку працягваецца, аднак “дэталёвую інфармацыю агучыць грамадскасці пакуль не ўяўляецца магчымым“.

Ён сцвярджаў, што “ў непасрэдным кантакце з літоўскім парамілітарным фарміраваннем “Клуб стралкоў“ будуюцца планы па заходзе для здзяйснення тэрактаў на тэрыторыю прылеглых да Літвы Ашмянскага, Смаргонскага і Браслаўскага раёнаў, перакідання і арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь схованак са зброяй выбуховымі рэчывамі, сродкамі паражэння“.

Таксама кіраўнік КДБ паведаміў, што выяўлена больш за 40 каналаў перакідання зброі і выбухоўкі з Украіны ў Беларусь.

Церцель сказаў, што “дакументальныя матэрыялы, якія атрымлівае замежная выведка, сведчаць: асноўнай мэтай у дачыненні да Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўстанаўленне поўнага кантролю над яе тэрыторыяй, эканамічным патэнцыялам і рэсурсамі, якія належаць беларускаму народу”.

Паводле яго слоў, “функцыянаванне беларускіх замежных цэнтраў” з’яўляецца ключавым інструментам дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Іх канчатковая мэта — “захоп улады”. Для гэтага, заявіў кіраўнік КДБ, разглядаецца магчымасць “здзяйснення тэрактаў, дыверсій, экстрэмісцкіх акцый, узброенага ўварвання“.

Церцель згадаў Украіну, Літву і Польшчу як краіны, дзе рыхтуюцца ўдары і дыверсіі ў дачыненні да Беларусі. Некалькі разоў ён паўтарыў, што маецца канкрэтны план па захопу беларускіх гарадоў.

Пасля падзей 2020 года і асабліва пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022-м КДБ рэгулярна паведамляе аб намерах дыверсійных груп і падраздзяленняў напасці на Беларусь, захапіць частку тэрыторыі, каб затым “ісці на Мінск“. Пераканаўчых доказаў гэтаму ні разу не было прадстаўлена.

Камітэт дзяржбяспекі таксама выкарыстоўвае дзяржаўнае тэлебачанне, у эфіры якога рэгулярна паведамляе аб выкрыцці дыверсійных і “тэрарыстычных“ груп, якія пранікаюць у Беларусь з-за мяжы з выбухоўкай, прызначанай для “дэстабілізацыі абстаноўкі“. Незалежныя эксперты не раз выказвалі сумневы ў сапраўднасці выкладаемых у “фільмах” падзей, адзначаючы, што іх мэтай можа быць дасягненне прапагандысцкага эфекту.

Падзяліцца: