Сітуацыя ў Віцебскай вобласці сумная, за чатыры гады рэгіён карыстаўся дзяржпадтрымкай 1.285 разоў — Лукашэнка

24 кастрычніка, Позірк. Сітуацыя ў Віцебскай вобласці “сумная — яна горшая, чым дзе-небудзь”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка на нарадзе пра меры па забеспячэнні ўстойлівага развіцця гэтага рэгіёну і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы.
“Мы не можам спакойна глядзець на рост негатыўных тэндэнцый, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Я зраблю ўсё, каб прымусіць вас працаваць, адгаворкі не прымаюцца”.
Лукашэнка адзначыў, што на фоне “некаторых поспехаў”, у развіцці вобласці маецца “шмат адмоўных момантаў і недапрацовак”.
“Свежы прыклад вашай “разваротлівасці”: калі б не цікавасць Амана да будаўніцтва ў Беларусі другога цэлюлознага камбіната і выбар месца размяшчэння на Віцебшчыне, то вы засталіся б наогул адзінай вобласцю краіны без буйных дрэваапрацоўчых вытворчасцей”, — заявіў ён.
Паводле яго слоў, пасля “мадэрнізацыі імя Косінца — Сямашкі” (экс-кіраўнік вобласці, а цяпер намеснік старшыні УНС Аляксандр Косінец і былы першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка) “апошняе прадпрыемства “Віцебскдрэў” спыненае ў лютым 2025 года з буйнымі даўгамі”, “пастаўскі мэблевы цэнтр таксама не моцна разгортваецца”.
“Атрымліваецца, што пры такой лясістасці вобласць страціла ўсе ўласныя кампетэнцыі і стала па сутнасці сыравінным прыдаткам іншых рэгіёнаў. Калі стала”, — канстатаваў спікер.
Прыведзеныя прыклады, паводле слоў Лукашэнкі, кажуць пра тое, што “ўстойлівасці ў эканоміцы вобласці няма”, а таксама сведчаць, што кіраўнікі рэгіёну “проста безадказныя людзі”.
“За апошнія 4 гады арганізацыі вобласці скарысталіся дзяржпадтрымкай 1.285 разоў. Фактычна кожны дзень некаму выдзяляліся сродкі з бюджэту. Таму вы не можаце абвінаваціць, што вас нехта не чуў або не дапамагаў”, — адзначыў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што “многія дарэмна спадзяюцца” на спісанне даўгоў.
“Віцебшчына проста патанула ў масе пустых абяцанняў, пасля не пацверджаных справай (магу ўзгадаць і чырвоных кароў у “Вусці”, і вакцыны “БелВітУніфарма”, і Аршанскі мясакансервавы камбінат)”, — пералічыў ён.
Кажучы пра сітуацыю ў аграпрамысловым комплексе вобласці, палітык нагадаў, што “ставілася жорсткая задача” — нарасціць аб’ёмы вытворчасці, загрузіць магутнасці і з атрыманай выручкі плаціць па адтэрмінаваных даўгах.
Аднак вынікі працы ў АПК рэгіёну “ў асноўным маюць адмоўную тэндэнцыю”, канстатаваў Лукашэнка. У прыватнасці, вырошчванне буйной рагатай жывёлы знізілася на 6%, падзёж за дзевяць месяцаў 2025 года ў Віцебскай вобласці вырас на 40%.
Акрамя таго, у рэгіёне, паводле слоў Лукашэнкі, “нізкі ўзровень тэхнічнай забяспечанасці сельгасарганізацый” — 70% парку тэхнікі эксплуатуецца больш за 10 гадоў.
Паводле інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, сёлета магутнасці абласных прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака загружаныя крыху больш чым на 60%, мяса — на 49%. Ад гэтага, заявіў Лукашэнка, “хранічны недахоп выручкі”, а следам “праблема дзікай закрэдытаванасці па ўсім ланцужку — ад селяніна да перапрацоўкі”.
“Яшчэ раз нагадаю пра сукупны доўг вобласці — на 1 верасня ён складае 1,6 мільярда рублёў. З іх амаль 950 мільёнаў неабходна выплаціць у бліжэйшую пяцігодку. Вы пацягнеце? Пры такіх тэмпах — не. Як да гэтага дагрукаліся?” — звярнуўся палітык да ўдзельнікаў нарады.
Напярэдадні цяперашняй сустрэчы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты паведаміў журналістам дзяржСМІ, што ўвесну старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін прадставіў “праграму адраджэння Віцебшчыны”. “Але выявілася, што большасць мерапрыемстваў абсалютна не прапрацаваныя. Як прэзідэнт ёміста адзначыў, гэта было фактычна пражэктарства. І ён накіраваў гэтыя дакументы на дапрацоўку. Вось фактычна паўгода вялася гэта дапрацоўка”, — сказаў чыноўнік.
Разам з тым, на думку Крутога, “перспектыўным кірункам” у вобласці ёсць лагістыка: “Маецца добры патэнцыял у выглядзе асаблівай эканамічнай зоны “Брэміна-Орша”. <…> Маюцца планы па развіцці аэрапорта Віцебска, рэканструкцыі, будаўніцтве некалькіх важнейшых магістраляў, бо Віцебшчына хоча стаць буйным чыгуначным кантэйнерным хабам”.
13 снежня 2021 года, прызначаючы Субоціна кіраўніком Віцебскай вобласці, Лукашэнка падкрэсліў, што нельга больш “спакойна глядзець, як вырашаюцца некаторыя пытанні”.
“Вырашаюцца яны не па ўсіх напрамках так, як мы думалі… То бок праблем нямала. Вам лёгка будзе ўвайсці ў курс справы. Але і яшчэ папрашу: вы не “адкідвайце” цяперашняга губернатара [Мікалая Шарстнёва]. Вы яго досвед павінны выкарыстаць, на якой бы працы ён ні працаваў пасля гэтага. Аніводны губернатар не застаецца па-за справамі: яны зрабілі свой унёсак у развіццё абласцей. Але патрэбныя новыя людзі”, — адзначыў палітык.
- Грамадства
- ПалітыкаЛатушка заявіў аб сачэнні за супрацоўнікамі НАУ ў Літве, Германіі, ЧэхііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБеларусь на трэцім месцы ў ЕАЭС паводле пакрыцця знешняга доўгу міжнароднымі рэзерваміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ Беларусі другі месяц запар памяншаецца намінальны сярэдні заробак (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 24 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка26 кастрычніка BelPol апублікуе расследаванне аб падраздзяленні КДБ "Альфа", якое пераследуе апанентаў рэжыму — прадстаўнік аб'яднанняМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаBelPol будзе ініцыяваць санкцыі і міжнародны суд над датычнымі да мілітарызацыі беларускіх дзяцейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


