Мінск 20:42

Кіраўнік МУС Беларусі абмеркаваў з фактычным кіраўніком В’етнама барацьбу з “тэрарызмам, экстрэмізмам”

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і кіраўнік кампартыі В'етнама То Лам
Фота: прэс-служба МУС

25 кастрычніка, Позірк. Барацьбу з транснацыянальнай злачыннасцю, кіберзлачынствамі, наркагандлем, нелегальнай міграцыяй, а таксама супрацу ў сацыяльна-эканамічнай сферы абмеркавалі 25 кастрычніка ў Ханоі міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў ды генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Лам.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, сярод іншага бакі абмеркавалі пытанні барацьбы з “тэрарызмам, экстрэмізмам”.

Варта адзначыць, што беларускія ўлады ў апошнія гады часцей за ўсё называюць “экстрэмізмам” і “тэрарызмам” дзейнасць сваіх палітычных апанентаў унутры краіны і па-за яе межамі. Асуджаных з палітычных матываў грамадзян рэгулярна ўносяць у адпаведныя спісы.

У в’етнамскай сталіцы Кубракова таксама прыняў міністр грамадскай бяспекі Лыонг Там Куанг. Паведамляецца, што суразмоўцы вызначылі “кірункі ўзаемадзеяння ў пытаннях навучання кадраў, процідзеяння злачынствам у сферы высокіх тэхналогій, абмену дэлегацыямі і экспертамі, супрацы спецыяльных падраздзяленняў”. Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці “пастаўкі абмундзіравання і абсталявання для праваахоўнікаў, якія выпускаюцца беларускімі прадпрыемствамі”.

Незадоўга да Кубракова В’етнам наведваў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

Сёлета ў траўні Мінск наведваў То Лам. На сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі ў В’етнам прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.

У лістападзе 2024 года стала вядома, што ў Беларусь пад канвоем дастаўлены былы баец палка імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе ва Украіне, член фракцыі “Блок Пракоп’ева-Ягорава” (фракцыя “Беларусы”) у Каардынацыйнай радзе Васіль Верамейчык. Паводле інфармацыі яго паплечнікаў па КР, мужчына быў затрыманы 13 лістапада ў Хашыміне (В’етнам).

То Лам стаў генеральным сакратаром кіроўнай і адзінай легальнай палітычнай структуры — Камуністычнай партыі В’етнама — 3 жніўня 2024 года. З 22 траўня па 21 кастрычніка таго ж года быў прэзідэнтам краіны. Фактычна пазіцыя партыйнага лідара вышэй за пазіцыю прэзідэнта.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В’етнамам усталяваныя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворанае ў амбасаду ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску пачала працаваць напрыканцы 2003-га.

У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрылася генеральнае консульства Беларусі.

Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Пераслед за "экстрэмізм" у Беларусі часта прымае абсурдныя формы — праваабаронцы

7 жніўня, Позірк. У Беларусі "амаль любое іншадумства кляймуюць як "экстрэмізм" ці "тэрарызм", гэта стала "асноўным інструментам рэпрэсій", такая тэза ўтрымліваецца ў дакладзе праваабарончых арганізацый Article 19 і Human Constanta з аналізам беларускага "антыэкстрэмісцкага" заканадаўства і канкрэтнымі прыкладамі яго выкарыстання. …
Падзяліцца: