Пераслед за “экстрэмізм” у Беларусі часта прымае абсурдныя формы — праваабаронцы

7 жніўня, Позірк. У Беларусі “амаль любое іншадумства кляймуюць як “экстрэмізм” ці “тэрарызм”, гэта стала “асноўным інструментам рэпрэсій”, такая тэза ўтрымліваецца ў дакладзе праваабарончых арганізацый Article 19 і Human Constanta з аналізам беларускага “антыэкстрэмісцкага” заканадаўства і канкрэтнымі прыкладамі яго выкарыстання.
Падобнай практыкай, адзначылі праваабаронцы ў апублікаваным 7 жніўня дакуменце, Беларусь “падае прыклад аўтарытарным рэжымам і тым, хто імкнецца да аўтарытарызму”.
Аўтары даклада звярнулі ўвагу, што ў Беларусі пераслед “часта прымае абсурдныя формы — песні, мемы і анімэ рэгулярна лічацца праявамі экстрэмізму”.
“Аднак наступствы далёка не смешныя — беларускія суды неаднаразова выносілі суровыя выракі за анлайн-ахвяраванні, пакінутыя ў інтэрнэце каментарыі ці адміністраванне анлайн-платформ, — гаворыцца ў дакуменце. — Ад моманту пратэстаў 2020–2021 гадоў беларускія дэ-факта ўлады паведамілі пра ўзбуджэнне сама меней 22.500 крымінальных спраў на падставе “барацьбы з экстрэмізмам”.
У дакладзе вылучаецца “экасістэма” рэпрэсій пад лозунгам “барацьбы з экстрэмізмам”. На думку праваабаронцаў, яна абапіраецца на адмысловыя законы аб барацьбе з “экстрэмізмам” і “тэрарызмам”; адпаведныя крымінальныя і адміністрацыйныя правапарушэнні; шматлікія “спісы экстрэмістаў”; папраўкі, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства за “экстрэмісцкія злачынствы”, прызначаць смяротнае пакаранне за “тэрарыстычныя акты” і “дзяржаўную здраду”, а таксама пазначаць зняволеных як “схільных да экстрэмізму”.
Звяртаецца ўвага, што “палітызаваны характар гэтай сістэмы неаднаразова крытыкаваўся”, у тым ліку з боку спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, дакладчыкаў Маскоўскага механізма АБСЕ, а таксама міжнародных і мясцовых НДА.
“Кошт такіх “гнуткіх цэтлікаў” вымяраецца чалавечымі жыццямі”, — канстатавалі аўтары, пералічыўшы выпадкі смерцяў у зняволенні, пасля выхаду на волю з хранічнымі захворваннямі, а таксама суіцыдаў асоб, асуджаных або абвінавачаных у здзяйсненні “экстрэмісцкіх” злачынстваў.
У аналізе разглядаецца “ўплыў празмерна шырокіх заканадаўчых норм на лічбавыя правы і паводзіны ў інтэрнэце ў Беларусі”, падрабязна разглядаюцца “выпадкі палітычнага пераследу і пагроз, якія ўзнікаюць нават за такія дробязі, як анлайн-каментарыі, удзел у групах у мэсэнджарах і анлайн-ахвяраванні”.
Як адзначаў “Позірк”, у дакуменце гаворыцца, што “фактычныя ўлады Беларусі ўсё часцей выкарыстоўваюць празмерна шырокія і расплывістыя законы аб “экстрэмізме” для пераследу ўсіх формаў іншадумства — нават прамінулым часам, ператвараючы ўчорашняе законнае дзеянне ў сённяшняе злачынства, што яшчэ больш пагаршае ўсёпранікальную атмасферу страху і сачэння”.
Article 19 — заснаваная ў 1987 годзе брытанская праваабарончая арганізацыя, дзейнасць якой скіраваная на абарону і садзейнічанне свабодзе выказвання меркаванняў і свабодзе інфармацыі. Арганізацыя атрымала сваю назву ў гонар 19-га артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які абвяшчае: “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэтае права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў”.
Human Constanta — праваабарончая арганізацыя, якая спецыялізуецца на абароне правоў чалавека замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, прасоўванні антыдыскрымінацыі і адукацыі ў галіне правоў чалавека, а таксама лічбавых свабодах і правах.

- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская: Трамп меў рычагі ўплыву на Лукашэнку — ён іх выкарыстаў, цяпер яму трэба працягваць ціснуць на рэжым (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваУ Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры ў 2024 годзе прааперавана 900 замежнікаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка