Мінск 17:49

Мінабароны паведаміла пра пачатак падрыхтоўкі да здымак фільма пра беларускіх дарадцаў, якія ўдзельнічалі ў В’етнамскай вайне

Фота: Мінабароны

18 лістапада, Позірк. Пра прыбыццё ў Беларусь дэлегацыі Ваеннага радыё-тэлевізійнага цэнтра В’етнамскай народнай арміі паведаміла Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што разам з беларускай тэлекампаніяй “ВаенТБ” в’етнамскія спецыялісты пачнуць падрыхтоўку да здымак дакументальнага фільма пра беларускіх вайсковых дарадцаў, якія дапамагалі войску В’етнама ў 1965–1974 гадах.

У праграму візіту таксама ўваходзіць курс “Асновы радыёвяшчання”. З працай беларускіх спецыялізаваных СМІ гасцей пазнаёмяць супрацоўнікі “ВаенТБ” і ваеннага інфармацыйнага агенцтва “Ваяр”.

Як паведамляў “Позірк”, пра задуму фільма стала вядома 23 верасня па выніках сустрэчы міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна з начальнікам Галоўнага палітычнага ўпраўлення В’етнамскай народнай арміі генералам Нгуенам Чонгам Нгіа. Тады, паводле інфармацыі Мінабароны, бакі абмяркоўвалі магчымасць зняць сумесную дакументальную стужку.

Днём раней у Мінску в’етнамскі генерал сустрэўся з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Леанідам Касінскім. Яны абмяркоўвалі, як вайскоўцы дзвюх краін вядуць ідэалагічную працу ў войсках і сярод грамадзянскага насельніцтва.

Падзяліцца: