Мінск 18:22

Літва падрыхтавала рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю на нявызначаны тэрмін — прэм’ер Ругінене (дапоўнена)

Фота: фэйсбук-старонка Інгі Ругінене

27 кастрычніка, Позірк. У сувязі з масавымі залётамі метэазондаў з тэрыторыі Беларусі ўрад Літвы падрыхтаваў праект пастановы аб закрыцці мяжы “на нявызначаны тэрмін”, заявіла прэм’ер-міністр балтыйскай краіны Інга Ругінене пасля праведзенага 27 кастрычніка пасяджэння Камісіі нацыянальнай бяспекі.

Паводле яе слоў, якія прыводзіць LRT, у рашэнні прадугледжаныя выключэнні: “Гэта азначае, што дыпламаты і дыпламатычная пошта змогуць перасоўвацца, а нашы грамадзяне і грамадзяне краін ЕС таксама змогуць уязджаць да нас з Беларусі, але ўсё астатняе перамяшчэнне будзе закрытае. Такім чынам, мы пасылаем сігнал Беларусі і кажам, што не пацерпім тут ніякіх гібрыдных нападаў, мы прымем усе самыя строгія меры для спынення падобных нападаў”.

Ругінене адзначыла, што да ўрэгулявання сітуацыі падключаецца МЗС Літвы, якое сумесна з ЕС будзе ўзгадняць пакет дадатковых санкцый супраць Беларусі.

“Гэта будзе зроблена ў бліжэйшы час. Мы таксама актыўна кансультуемся і маем зносіны з нашымі саюзнікамі і суседзямі Польшчай і Латвіяй. Любыя нашы дзеянні таксама ўзгадняюцца з імі, мы не асобная дзяржава, мы частка НАТО і ЕС. Мы каардынуем з імі ўсё, што робім”, — сказала кіраўнік урада.

Паводле яе слоў, з 27 кастрычніка літоўскія вайскоўцы будуць прымаць “усе неабходныя меры” для спынення заляцелых паветраных шароў, у тым ліку выкарыстоўваць “кінэтычныя сродкі” для іх збівання. “Такім чынам, мы пасылаем сігнал аб тым, што гатовыя прыняць нават самыя строгія меры пры парушэнні нашай паветранай прасторы”, — дадала Ругінене.

Прэм’ер таксама паведаміла, што на пасяджэнні ўрада 29 кастрычніка будзе прадстаўлены новы праект паправак у Крымінальны кодэкс, мэта якога — “легалізаваць турэмнае зняволенне ў якасці пакарання за кантрабанду”. Пазней такі законапраект будзе перададзены ў Сейм, які прыме рашэнне аб яго прыняцці.

Мінулай ноччу з-за залёту аэрастатаў у чацвёрты раз прыпыняў працу аэрапорт у Вільнюсе. Таксама Літва прыкладна з 22:10 закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). Апошні раз да гэтага яны зачыняліся з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.

Раней прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзіт з Беларусі ў Калінінградскую вобласць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў.

Дапаўненне.

Агенцтва BNS пазней удакладніла, што, паводле слоў Ругінене, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ) падоўжыць да 29 кастрычніка рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю. Першапачатковае рашэнне ведамства прыняло ўвечары 26 кастрычніка на 24 гадзіны.

“Мяжа будзе закрытая, а калі казаць пра транзіт, які ажыццяўляецца праз беларускую мяжу (у Калінінградскую вобласць РФ. — “Позірк”.), я кажу пра грузавікі, то мяжа будзе закрытая цяпер ужо на нявызначаны тэрмін”, – сказала прэм’ер.

Падзяліцца: