Беларуска-літоўская мяжа застанецца закрытай на працягу месяца (дапоўнена)

29 кастрычніка, Позірк. На працягу месяца будуць зачыненыя ўсе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы, такое рашэнне прынята на пасяджэнні ўрада балтыйскай краіны 29 кастрычніка.
Як удакладняе літоўская тэлерадыёкампанія, абмежаванні будуць дзейнічаць да 24:00 30 лістапада з магчымасцю падаўжэння.
Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) застанецца закрытым цалкам. Для Мядзінінкая (Каменны Лог) захаваюцца выключэнні. Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча, “праз яго будуць прапускацца дыпламаты, калінінградскія транзітныя асобы, грамадзяне, якія вяртаюцца ў Літву, грамадзяне Еўрасаюза і краін НАТО, а таксама члены іх сем’яў, і асобы, якія маюць від на жыхарства ў Літве”. “Таксама захоўваецца магчымасць выдачы гуманітарных пропускаў, рашэнне аб якіх будзе прымаць дзяржаўная памежная служба”, — падкрэсліў кіраўнік МУС.
Познім вечарам 26 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін, такім чынам, цяпер тэрмін падоўжаны да канца восені.
Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка. З-за аэрастатаў у аэрапорце Вільнюса было затрымана альбо адменена восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да раніцы прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай. У той жа дзень паверанаму ў справах Беларусі была ўручаная нота пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.
25 кастрычніка МЗС Літвы ўручыў паверанаму ў справах Беларусі яшчэ адну “строгую ноту пратэсту”, папярэдзіўшы, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці”.
27 кастрычніка МЗС Беларусі ўручыў ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Літвы ў Беларусі Эрыкасу Вілканецасу “ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыццём мяжы, ажыццёўленым без якога-небудзь папярэдняга паведамлення”.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”.
28 кастрычніка Лукашэнка назваў рашэнне Літвы закрыць мяжу “вар’яцкай афёрай”. “Нават для такой дробнай краіны, як Літва, гэта дробна”, — сказаў прамоўца.
Цяпер ад Мінска “патрабуюць выбачэнняў” за запуск метэазондаў на тэрыторыю Літвы, адзначыў ён. “Ведаеце, калі вінаваты, трэба заўсёды прасіць прабачэння. І калі мы будзем перакананыя ў тым, што мы вінаватыя, нас пераканаюць у гэтым, мы публічна гатовыя гэта абмяркоўваць, мы выбачымся, гэта дакладна”, — дадаў Лукашэнка.
Разам з тым, заявіў ён, літоўскі бок павінен разабрацца з гэтым на сваёй тэрыторыі: “Калі туды ляцяць нейкія шарыкі паветраныя з цыгарэтамі ці яшчэ з чымсьці, я мяркую, што трэба вырашаць гэтае пытанне там. Яны ж не проста паляцелі невядома куды. Іх хтосьці там прыняў або прымае, хтосьці ў гэтым зацікаўлены. Трэба знайсці і ў корані спыніць падобныя рэчы”.
Паводле слоў прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, заяўленая Лукашэнкам гатоўнасць папрасіць прабачэння за кантрабанду кажа пра тое, што “рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску на нявызначаны тэрмін правільнае”. “Сённяшні зварот Аляксандра Лукашэнкі і яго спроба папрасіць прабачэння — відавочная прыкмета таго, што гэта балюча, што на гэта рэагуюць”, — сказаў Наўседа.
28 кастрычніка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў пра гатоўнасць адкрыць у пачатку лістапада два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Абвяшчаючы аб гэтым кроку кіраўнік польскага ўрада адзначаў, што рашэнне аб адкрыцці пагранпераходаў неабходна ўзгадніць з літоўскім бокам, які закрыў сваю мяжу з Беларуссю з вечара 26 кастрычніка.
“Я даручыў розным міністэрствам падрыхтаваць гэтае рашэнне, каб яго можна было прыняць на гэтым тыдні. Але ў нас ёсць праблема на літоўска-беларускай мяжы. Праз неаднаразовыя правакацыі, як з выкарыстаннем паветраных шароў, так і іншых, з боку Беларусі і Расіі, літоўцы закрылі свае адзіныя памежныя пераходы з Беларуссю некалькі дзясяткаў гадзін таму. Таму я чакаю інтэнсіўных перамоваў з літоўцамі, каб не застаць іх знянацку. Мы павінны праводзіць паслядоўную палітыку ў дачыненні да нашых суседзяў”, — заявіў Туск.
8 жніўня 2023 года Літва закрыла на мяжы з Беларуссю пункты пропуску Шумскас (з сумежнага боку Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). Такім чынам, пасля сённяшняга рашэння ўрада ў абмежаваным рэжыме будзе працаваць толькі Мядзінінкай (Каменны Лог).

- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў заклікала дапамагаць беларусам, якія засталіся без дакументаў за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУ дзень заявы Туска пра гатоўнасць адкрыць яшчэ два памежныя пераходы зафіксаваная рэкордная за тыдзень актыўнасць нелегалаў на польскай мяжы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЛукашэнка захапіў уладу толькі дзякуючы жорсткасці, рэпрэсіям і падтрымцы Пуціна — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаПасля паслаблення амерыканскіх санкцый "Белавія" будзе прасцей працаваць з доларам — гендырэктар перавозчыкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: У дэмакратыі ёсць інструменты, каб спыніць дыктатараў і войны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка

