Мінск 12:05

Беларускі МЗС патлумачыў закрыццё Літвой мяжы фінансавымі інтарэсамі яе палітыкаў

Будынак МЗС Беларусі
Фота: mfa.gov.by

30 кастрычніка, Позірк. Фінансавымі інтарэсамі літоўскіх палітыкаў патлумачыў беларускі МЗС закрыццё суседняй краінай мяжы да канца лістапада.

“Пасля візіту высокіх прадстаўнікоў ЕС на польскую мяжу і гучных заяў аб “катастрафічнай“ сітуацыі і закрыцці Варшавай [у верасні] беларуска-польскай мяжы Польшчы быў выдзелены крэдыт у 43 з лішнім мільярды еўра на патрэбы абароны“, — гаворыцца ў каментары знешнепалітычнага ведамства.

“Зараз на фоне істэрычных размоў аб стварэнні нейкай “сцяны дронаў“ таксама са шматмільярдным бюджэтам Літва робіць аналагічныя крокі, зачыняючы мяжу з Беларуссю. Мабыць, літоўскія палітыкі таксама разлічваюць атрымаць свой фінансавы куш з бюджэту ЕС, выкарыстоўваючы тую ж тактыку эскалацыі напружанасці“, — лічыць МЗС.

Праблема кантрабанды ў каментары называецца “характэрнай для большасці межаў ва ўсім свеце”. “Аднак нават генеральны пракурор Літвы мэтанакіравана пазбягае фармулёвак аб “арганізаваным характары“ і “гібрыднай атацы” як раз з прычыны адсутнасці якіх-небудзь доказаў. Калі літоўскі бок і Еўрасаюз, які стаіць за ім, шчыра жадаюць пакласці канец праблеме кантрабанды, неабходна прадпрымаць сумесныя меры. Для гэтага патрабуецца наладзіць нармальнае ўзаемадзеянне, у тым ліку па аператыўных пытаннях, якія патрабуюць належнага абмену інфармацыяй паміж адпаведнымі службамі“, — заклікае знешнепалітычнае ведамства.

МЗС прапануе шукаць кантрабандыстаў і іх заказчыкаў у “першую чаргу на літоўскім баку“. “Літоўскія ж палітыкі вырашылі скарыстацца сітуацыяй і перакласці ўсю віну на Беларусь, прыкрываючы ўласную няздольнасць (ці нежаданне?) знайсці заказчыкаў кантрабанды ў сябе. Адначасна зачыніўшы ў якасці так званай “меры ў адказ“ наземныя пункты пропуску, яны наглядна прадэманстравалі сваё рэальнае стаўленне да еўрапейскіх каштоўнасцяў свабоды перамяшчэння людзей”, — заявіла беларускае ведамства.

Яно назвала “вельмі сумным“, што Еўрапейская служба знешніх дзеянняў у сваім каментары “вырашыла публічна “блаславіць“ такое грэбаванне дзяржавай — членам ЕС”.

“Улічваючы маштабы планаванага фінансавання абаронных праектаў ва Усходняй Еўропе, мы не выключаем, што па выніках гэтай штучна створанай крызіснай сітуацыі мы даведаемся аб чарговых карупцыйных схемах пры засваенні выдзеленых ЕС сродкаў“, — выказаў меркаванне МЗС.

29 кастрычніка кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас (Эстонія) рашуча асудзіла “правакацыйныя дзеянні Беларусі супраць ЕС і яго дзяржаў-членаў“.

Паводле яе слоў, уварванне метэаралагічных зондаў у паветраную прастору Літвы з тэрыторыі Беларусі, якія “прывялі да зрыву сотняў рэйсаў і нанеслі значны ўрон Літоўскім аэрапортам і тысячам пасажыраў“, уяўляюць сабой “рызыку дэстабілізацыі дзяржавы — члена ЕС і спробу запалохаць еўрапейскіх грамадзян з дапамогай прамых пагроз грамадзянскай авіяцыі“.

Кіраўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў лічыць, што гэтыя шары не проста інструмент кантрабанды, а частка “больш шырокай мэтанакіраванай гібрыднай кампаніі разам з іншымі дзеяннямі, якія таксама ўключаюць спансаваных дзяржавай незаконны ўвоз мігрантаў“.

“У дачыненні да беларускага рэжыму ўведзеныя санкцыі, і ЕС гатовы прыняць далейшыя адпаведныя меры ў выпадку працягу падобных дзеянняў. Мы не пацерпім ніякіх гібрыдных кампаній, накіраваных супраць ЕС або любога з яго дзяржаў-членаў“, — падкрэсліла кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

У сувязі з масавым уварваннем у Літву з Беларусі метэазондаў з цыгарэтамі затрымана чатыры чалавекі, паведаміла генеральны пракурор балтыйскай краіны Ніда Грунскене.

Яна звярнула ўвагу, што тэрмін “гібрыдная вайна“ не замацаваны ў Крымінальным кодэксе Літвы, але гэта не азначае, што не збіраюцца доказы. Паводле слоў генпракурора, правяраюцца розныя версіі, каб усталяваць, што ўвоз кантрабанды ў Літву з’яўляецца “арганізаванай дзейнасцю“.

Падзяліцца: