Мінск 17:56

Прэм’ер Літвы: Мы ўжо перапісваліся з Тускам па пытанні адкрыцця межаў з Беларуссю

Фота: фэйсбук-старонка Інгі Ругінене

30 кастрычніка, Позірк. Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што Варшава “абавязкова скаардынуе” з Вільнюсам свае планы адкрыць два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю.

“Мы ўжо перапісваліся з прэм’ерам Польшчы, у нас будзе і больш працяглая размова”, — цытуе Ругінене LRT.

“Ніхто не чакаў, што мы распачнем такія дзеянні [па закрыцці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю] і што гібрыдная атака будзе накіраваная супраць Літвы тут і цяпер, таму ў кожнай краіны былі свае рашэнні. Але пасля падзей тут, у Літве, мабыць, і планы нашых суседзяў будуць скарэктаваныя”, — сказала Ругінене.

30 кастрычніка намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочак, адказваючы на пытанне, ці можа не адбыцца запланаванае адкрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, заявіў, што Варшава будзе дзейнічаць “узгоднена і салідарна”.

“Гэта не толькі праблема паветраных шароў і парушэнняў паветранай прасторы, якія паралізуюць функцыянаванне дзяржавы, асабліва літоўскага, але, перш за ўсё, гэта гібрыдная атака, якая працягваецца ўжо некалькі гадоў у форме арганізацыі і падтрымкі канала нелегальнай міграцыі”, — цытуе Мрочака партал wiadomosci.wp.pl.

Ён дадаў, што міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі абмяркоўваў гэтае пытанне 29 кастрычніка на сустрэчы з кіраўнікамі МУС краін Балтыі ў Гданьску. “Сёння ён пагаворыць са сваім літоўскім калегам. Прэм’ер-міністр Літвы таксама анансавала гутарку з прэм’ер-міністрам [Дональдам] Тускам, таму мы супрацоўнічаем з Літвой”, — сказаў ён.

28 кастрычніка Туск паведаміў пра гатоўнасць адкрыць у пачатку лістапада два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Абвяшчаючы пра гэты крок, кіраўнік польскага ўрада адзначаў, што рашэнне аб адкрыцці пагранпераходаў неабходна ўзгадніць з літоўскім бокам, які закрыў сваю мяжу з Беларуссю з вечара 26 кастрычніка.

“Я даручыў розным Міністэрствам падрыхтаваць гэтае рашэнне, каб яго можна было прыняць на гэтым тыдні. Але ў нас ёсць праблема на літоўска-беларускай мяжы. Праз неаднаразовыя правакацыі, як з выкарыстаннем паветраных шароў, так і іншых, з боку Беларусі і Расіі, літоўцы закрылі свае адзіныя памежныя пераходы з Беларуссю некалькі дзясяткаў гадзін таму. Таму я чакаю інтэнсіўных перамоваў з літоўцамі, каб не застаць іх знянацку. Мы павінны праводзіць паслядоўную палітыку ў дачыненні да нашых суседзяў”, — заявіў Туск.

29 кастрычніка ўрад Літвы прыняў рашэнне закрыць да канца восені ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 24 гадзін 30 лістапада з магчымасцю падаўжэння.

Падзяліцца: