Мінск 02:12

Дарадца Ціханоўскай абмеркаваў з прадстаўніцтвам “ЦікТоку” ў Вялікабрытаніі магчымасці паляпшэння ўмоваў для беларускага кантэнту

Ілюстрацыя: pixabay.com

2 лістапада, Позірк. Сустрэча з прадстаўніцтвам сацыяльнай сеткі “ЦікТок” была адным з пунктаў праграмы візіту дыпламатычнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага ў Вялікабрытанію, вынікае з распаўсюджанага 2 лістапада паведамлення прэс-службы дэмакратычнага лідара.

Бакі абмеркавалі “магчымасці паляпшэння ўмоваў для беларускага кантэнту і супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю”. Кучынскі адзначыў, што каманда Ціханоўскай атрымала шмат прапаноў і зваротаў ад беларускіх карыстальнікаў і перадала іх кампаніі.

“Дыпламатычны дарадца таксама звярнуў увагу на важнасць таго, каб беларуская мова і культура былі больш заўважнымі на платформе, і падзякаваў TikTok за адкрытасць да дыялогу і аднаўленне доступу да акаўнтаў Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі на тэрыторыі Беларусі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Бакі дамовіліся “працягваць кантакт і абмяркоўваць магчымыя ініцыятывы, якія дапамогуць падтрымліваць беларускіх аўтараў і журналістаў”.

На сустрэчы з членам Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і дакладчыкам па пытаннях міграцыі і ўцекачоў лордам Майклам Германам абмеркаваны праблемы легалізацыі беларусаў у Вялікабрытаніі і Еўропе, магчымасці выкарыстання досведу Савета Еўропы для распрацоўкі практычных рэкамендацый па падтрымцы беларусаў за мяжой.

На перамовах з былым міністрам абароны Вялікабрытаніі Ліямам Фоксам і міжнародным сакратаром правячай Лейбарысцкай партыі Крысам Бэйтсам абмеркавана падтрымка дэмакратычных пераўтварэнняў, рэформ у сферы бяспекі і дзяржаўная дапамога беларусам у выгнанні.

Падчас перамоваў з ценявым міністрам замежных спраў Прыці Патэл (кабінет апазіцыйнай Кансерватыўнай партыі) і старшынёй усепартыйнай парламенцкай групы “За свабоду і дэмакратыю ў Беларусі” Уэндзі Мортан абмеркаваныя вынікі дзейнасці групы, яе планы і магчымасці для далейшага супрацоўніцтва, у тым ліку па пытаннях дапамогі беларусам у Вялікабрытаніі. Папярэдне дамоўлена аб арганізацыі чацвёртай сустрэчы альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” у Лондане вясной 2026 года. Яна адбудзецца ў будынку брытанскага парламента разам з прэзентацыяй пакету рэформ і законапраектаў для будучай дэмакратычнай Беларусі, каб атрымаць экспертную ацэнку і рэкамендацыі ад дэпутатаў і юрыстаў.

Трэцяя сустрэча альянса прайшла ў Парыжы на пачатку кастрычніка, другая — таксама сёлета ў сакавіку ў Рыме, першая — у лістападзе 2023 года ў Берліне.

Адбыліся таксама перамовы Кучынскага ў офісе прэм’ер міністра Кіра Стармера (са спецыяльнай дарадцай па замежнай палітыцы Хеннай Ша) і знешнепалітычным ведамстве (з намеснікам дырэктара дэпартамента Цэнтральнай Азіі і Усходняга суседства, адказным за супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Маркам Клейтанам).

Падзяліцца: