Мінск 05:05

Лукашэнка падпісаў шэсць законаў па візавых пытаннях

3 лістапада, Позірк. Шэсць законаў аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў па візавых пытаннях падпісаў 3 лістапада Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Заяўляецца, што законы накіраваныя на “пашырэнне супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі”.

Ратыфікаваныя, як паведамляецца, міжурадавыя пагадненні аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў з Зімбабвэ, Угандай і Гвінеяй-Бісаў.

Таксама ратыфікаваныя пагадненні з урадамі Калумбіі і Лаоса аб узаемнай адмене віз для кароткатэрміновага знаходжання.

Акрамя таго, падпісаны закон аб ратыфікацыі пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж Беларуссю і Турцыяй аб узаемнай адмене віз ад 29 сакавіка 2013 года.

Прадугледжваецца, што грамадзяне дзяржаў кожнага з бакоў, якія выконваюць міжнародныя перавозкі грузаў і пасажыраў вызваляюцца ад візавых патрабаванняў пры ўездзе, выездзе, транзіце і часовым знаходжанні на тэрыторыі дзяржавы іншага боку на працягу перыяду, які не перавышае 90 дзён у любым з перыядаў у 180 дзён.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла згаданыя законапраекты 15 кастрычніка ў адным чытанні. Савет Рэспублікі ўхваліў іх 29 кастрычніка.

21 ліпеня сёлета ў Мінску быў падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне аб узаемнай адмене віз ад 29 сакавіка 2013 года, згодна з якім асобныя катэгорыі грамадзян Беларусі і Турцыі змогуць знаходзіцца на тэрыторыі адно аднаго ў бязвізавым парадку да 90 дзён у любым 180-дзённым перыядзе.

Гаворка пра кіроўцаў і членаў экіпажаў грузавых аўтатранспартных сродкаў, аўтобусаў, паветраных судоў грамадзянскай авіяцыі і марскіх судоў, якія выконваюць міжнародныя перавозкі грузаў і пасажыраў.

Абодвум бакам трэба было ратыфікаваць пратакол.

У адпаведнасці з базавым пагадненнем беларускія і турэцкія грамадзяне могуць знаходзіцца ў краінах адзін аднаго без віз на працягу 30 дзён. Пры гэтым агульная працягласць знаходжання на тэрыторыі іншага боку — падпісанта дакумента не павінна перавышаць 90 дзён на працягу аднаго года з даты першага ўезду.

Падзяліцца: