Мінск 02:03

Латушка: Здымаючы санкцыі з “Белавія”, ЗША ставяць Лукашэнку перад выбарам — вызваляй палітвязняў або працягвай служыць Крамлю

Фота: "Позірк"

4 лістапада, Позірк. Нягледзячы на “грубыя выказванні абразлівага характару” Аляксандра Лукашэнкі на адрас ЗША, Вашынгтон 4 лістапада зняў санкцыі з кампаніі “Белавія” і выдаў генеральныя ліцэнзіі на “выкарыстанне дзяржаўна-прыватных самалётаў сям’і дыктатара”, заявіў намкіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, каментуючы “Позірку” ўзгаданае рашэнне амерыканскай адміністрацыі адносна беларускага авіяперавозчыка.

“Санкцыі здымаюцца пры скасаванні падстаў для іх увядзення або дзеля рэалізацыі дамоўленасцей. Думаю, такім чынам Дзярждэп ЗША ставіць дыктатара перад выбарам: выконвай патрабаванні прэзідэнта ЗША па вызваленні ўсіх палітвязняў, дасягнутыя дамоўленасці, або працягвай служыць Крамлю з усімі наступствамі, якія вынікаюць”, — адзначыў Латушка.

Паводле яго слоў, калі Лукашэнка хоча “вялікай здзелкі” з ЗША, яе часткай павінна быць “беларуская здзелка” — “вырашэнне ўнутрыпалітычнага крызісу”.

ЗША знялі санкцыі з “Белавія” 4 лістапада.

Пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з Вашынгтонам Лукашэнка чарговы раз заявіў падчас паездкі ў Лепельскі раён (Віцебская вобласць). Умовай такой “здзелкі” ён назваў выкананне “сваіх інтарэсаў”.

Пры гэтым Лукашэнка раскрытыкаваў ЗША за падтрымку Літвы ў сітуацыі з закрыццём мяжы праз кантрабандныя метэазонды.

“Адкрыю сакрэт: мы з амерыканцамі вядзём перамовы па-рознаму, цяжка ідуць гэтыя перамовы. І літаральна на наступны дзень, у гэты ж дзень, пасля ночы, калі шарыкі паляцелі, амерыканцы меседж нам прыслалі, ліст, што беларусы вінаватыя, што гэта здарылася, і ўлады і Лукашэнка павінны неадкладна папрасіць прабачэння перад Літвой, прычым публічна, за гэта. Ну я і кажу: пайшлі нах… І гэтак далей”, — сказаў палітык.

2 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў межах палітычна матываванага працэсу амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецыяльнага прадстаўніка Трампа па Украіне Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю выпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, было вызвалена 11 верасня ў межах здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкам. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны.

Адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, і вярнуўся на беларускую тэрыторыю.

Падзяліцца: