Міліцыя ўзяла літоўскія грузавікі ў пунктах пропуску пад ахову — платную

10 лістапада, Позірк. Пра гатоўнасць да аднаўлення працы інфраструктуры на беларуска-літоўскай мяжы заявіў Аляксандр Лукашэшка на нарадзе 10 лістапада ў Мінску.
“Хачу заявіць: мы гатовыя да адкрыцця мяжы даўно. Мы яе не закрывалі, — цытуюць палітыка дзяржСМІ. — На працягу некалькіх гадзін яна з нашага боку можа аднавіць сваю працу. Пагранічнікі агулам да гэтага гатовыя”.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, старшыня Дзяржпагранкамітэта днямі паведаміў яму, што Вільнюс хацеў бы “разрадзіць існую сітуацыю”. “На што я яму адказаў: калі Літва хоча — мяч на яе баку. Калі ласка, адкрывайце мяжу, будзем працаваць і супрацоўнічаць, як гэта было дагэтуль”, — сказаў ён.
“Разумеючы, што вакол закрыцця мяжы склалася няпростая сітуацыя, яны (літоўскія ўлады. — “Позірк”.) паспрабавалі з міждзяржаўнага ўзроўню перанесці вырашэнне пытання на ўзровень памежнай заставы. Яны, я гэта называю мышкаваннем, звярнуліся ў Лідскі пагранічны атрад (не ў дзяржаўны орган, не ў МЗС, не ва ўрад) з не тое просьбай, не тое патрабаваннем адкрыць мяжу. На ўчастку там два пагранпераходы ў нас працуюць. На адным з участкаў адкрыць мяжу. “Мы нібыта будзем эвакуяваць нейкія аўтамабілі…” — дадаў Лукашэнка.
Паводле сцвярджэння палітыка, ён таму не перашкаджаў: “Добра, як толькі будуць гатовыя эвакуяваць, дамовяцца з нашым бокам… <…> Будуць гатовыя — будзем дамаўляцца. Хочаце эвакуяваць — эвакуюйце”.
Пасля гэтага, паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, органы ўнутраных справаў цягам усяго папярэдняга дня на даручэнне палітыка і пад кіраўніцтвам дзяржсакратара Савета бяспекі “сабралі ўсе літоўскія аўтамабілі на пунктах пераходу і ўзялі іх пад ахову”. “Каб нас потым не абвінавацілі, што мы там нешта дрэннае зрабілі. Узялі іх пад ахову. Хочуць эвакуяваць, што ж, будзем дамаўляцца”, — патлумачыў спікер.
“Аўтамабілі сабраныя, стаяць пад аховай, — заявіў ён. — Тыя, хто іх ахоўвае, папрасілі, па-мойму, 120 еўра за суткі. Заплацілі за ахову. Колькі сутак будуць стаяць — памножыць на 120 еўра, — плаціце, забірайце аўтамабілі з грузам. Калі ў найбліжэйшыя некалькі дзён гэтага не будзе зроблена”, мы прымем рашэнне, як МЗС заявіў, у адпаведнасці з нашымі законамі. Аж да канфіскацыі гэтых аўтамабіляў. Яны не могуць боўтацца на дарогах — 1.100 ці 1.200 вялізных фур, якія стаялі недзе там на дарозе”.
Лукашэнка, паводле яго слоў, таксама “даў указанне, каб кіроўцаў не крыўдзілі”: “Яны ні ў чым не вінаватыя. Грузаатрымальнікі ў Літве таксама ні ў чым не вінаватыя. Няхай звяртаюцца да сваіх уладаў у Літве для вырашэння гэтых пытанняў”.
“Таму кіроўцаў мы даставім проста ў пункт пропуску на мяжу. Паглядзіце, каб там не пакрыўдзілі кіроўцаў. Не хочуць яны ехаць — могуць ночыць у сваіх аўтамабілях, як яны гэта рабілі на дарозе, або ў гасцініцах. Мы забяспечыць кіроўцаў павінны ўсіх — 1.100 або 1.500 чалавек — усіх трэба забяспечыць усім неабходным. Каб людзі былі накормленыя, маглі памыцца ды іншыя патрэбы”, — заявіў ён.
“Будуць эвакуяваць — няхай эвакуююць. Гэта не нашыя пытанні. І наогул мы, напэўна, амаль нічога не возім праз гэтую мяжу ў сувязі з санкцыямі. Толькі нейкія віды тавараў, якія вельмі-вельмі патрэбныя тым жа літоўцам або палякам. Вельмі-вельмі патрэбныя — замовілі, мы адвезлі. Не замовілі — мы туды не вязем. А з казахамі, расіянамі, кітайцамі, іншымі краінамі ім (Літве. — “Позірк“.) давядзецца вельмі сур’ёзна не проста тлумачыцца, а разбірацца. Таму што так ніхто не робіць”, — дадаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, “пра ўсё астатняе” ён мае намер у найбліжэйшы час пагаварыць “на перамовах з дэлегацыяй Злучаных Штатаў Амерыкі”. “Адчуваю, што без іх тут не абышлося”, — сказаў палітык.
10 лістапада Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў, што больш за 1.100 фур з рэгістрацыйнымі нумарамі Літвы, якія чакалі выезду ўздоўж дарог, што вядуць да закрытых Вільнюсам пунктаў пропуску, будуць змешчаныя на стаянкі паблізу пунктаў Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай), Беняконі (Шальчынінкай), Катлоўка (Лаварышкес), Бераставіца (з польскага боку — Баброўнікі).
Адзначалася, што рашэнне прынятае для “выключэння небяспечных умоў на пад’язных аўтадарогах да закрытых літоўскім бокам пунктаў пропуску”.
Да таго МЗС паведаміла, што для гарантавання бяспекі і захаванасці транспарту Беларусь перамяшчае літоўскія грузавікі “на адмыслова абсталяваныя стаянкі ля пункта Катлоўка”. Пры гэтым было заяўлена, што кіроўцам “дадзеная магчымасць пакінуць тэрыторыю Беларусі і вярнуцца да месца пастаяннага пражывання да аднаўлення працы мяжы літоўскім бокам”.
Следам Дзяржпагранкамітэт заявіў, што з 9:00 10 лістапада “выпуск транспарту з літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі з беларускіх пунктаў пропуску на выезд з Рэспублікі Беларусь часова прыпыняецца”.
Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовымі выпадкамі масавага прылёту з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.
У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.
Праз пастрожанне правіл перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася мноства літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.
7 лістапада Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржпагранкамітэта Канстанцінам Моластавым “даў указанні ў дачыненні да дзеянняў беларускіх пагранічнікаў на мяжы з Літвой”.
На фоне адмовы Беларусі прапусціць літоўскія фуры ў тым ліку праз “эвакуацыйны калідор”, які Вільнюс гатовы арганізаваць у пункце Шальчынінкай, дарадца літоўскага прэм’ера Ігнас Дабравольскас заявіў, што “па меры далейшай эскалацыі сітуацыі” не выключаныя “доўгатэрміновыя абмежаванні на перавозку беларускіх тавараў па чыгунцы” праз Літву. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “на гэты час пра гэта пакуль не вядуцца размовы”.

- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаВячорка: Джон Коўл — не наіўны, ён цудоўна разумее, хто такі Лукашэнка (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаДоля продажу беларускіх тавараў на ўнутраным рынку знізілася да 55%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 10 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь шосты месяц запар на апошнім месцы ў ЕАЭС паводле дынамікі сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаКолькасць выпушчаных у Беларусі банкаўскіх карт перавысіла 20 млн (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


