Мінск 14:51

У Беларусі захрасла 1.265 літоўскіх фур, мытня пагражае “максімальнымі” штрафамі кіроўцам 220 грузавікоў

Фота: ДМК

13 лістапада, Позірк. 1.265 літоўскіх грузавікоў захрасла на тэрыторыі Беларусі пасля закрыцця мяжы з Літвой, вынікае з паведамлення Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

429 фур знаходзіцца на спецыяльнай стаянцы каля пункта пропуску Бераставіца (с польскага боку Баброўнікі), 348 — Катлоўка (з літоўскага боку Лаварышкес), 166 — Беняконі (Шальчынінкай), 102 — Каменны Лог (Мядзінінкай).

“Кіроўцы гэтых 1.045 транспартных сродкаў, якія выканалі афіцыйнае патрабаванне мытных органаў па дастаўцы грузавікоў на спецыяльна абсталяваныя і ахоўныя стаянкі, могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі”, — нагадалі ў ведамстве.

“Яшчэ больш чым па 220 літоўскіх фурах, 140 з якіх знаходзяцца на абочынах дарог паблізу пунктаў пропуску, ДМК і МУС праводзяць працу па пошуку кіроўцаў і забеспячэнні дастаўкі грузавікоў на абсталяваныя для гэтага месца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў дачыненні да кіроўцаў літоўскіх перавозчыкаў, якія не выконваюць “абавязацельства па прыбыцці ва ўстаноўленыя тэрміны ў спецыяльныя месцы”, “будуць ужытыя меры адміністрацыйнага спагнання ў максімальным памеры” паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Максімальнае пакаранне паводое згаданага артыкула КаАП — штраф 100 базавых велічынь (4.200 рублёў).

У канцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідання цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Паведамлялася, што праз узмацненне жорсткасці правілаў перасячэння мяжы ў Беларусі затрымалася больш за 1.100 літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе спрабуюць угаварыць рэжым Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю праз “эвакуацыйны калідор“, Мінск адмаўляецца да адкрыцця мяжы з боку Літвы.

Пакуль сітуацыя не вырашана, беларускія ўлады распарадзіліся змясціць літоўскія грузавікі на стаянкі каля пунктаў пропуску і арганізаваць ахову транспарту — платную. Пры гэтым кіроўцы вольныя вярнуцца ў Літву.

11 лістапада Лукашэнка даручыў Рыжанкову арганізаваць перамовы па пытаннях “нармалізацыі сітуацыі і аднаўлення паўнавартаснага функцыянавання пунктаў пропуску“ на беларуска-літоўскай мяжы. Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, ад літоўскіх уладаў паступілі прапановы аб урэгуляванні сітуацыі.

Паведамлялася, што перамовы беларускі бок мае намер правесці з “літоўскімі ўпаўнаважанымі асобамі, адказнымі за гэты кірунак“. Каардынацыя перамоў даручана дзяржсакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу.

12 лістапада кіраўнік Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў паведаміў, што літоўскі бок “неаднаразова выходзіў з прапановамі аб часовым аднаўленні работы пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу на розных умовах“.

“Відавочна, што сітуацыя, якая склалася, выходзіць за рамкі паўнамоцтваў памежных ведамстваў абедзвюх краін і гэта пытанне патрабуе дазволу на высокім дзяржаўным узроўні“, — лічыць ён.

Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене 12 лістапада пацвердзіла атрыманне афіцыйнай прапановы Мінска аб правядзенні перамоваў аб урэгуляванні сітуацыі на мяжы. “Атрыманы ліст аб пачатку перамоваў. Мы яго вывучым і прымем адпаведныя рашэнні”, — сказала Ругінене.

Раней у той жа дзень міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што можна “паспрабаваць урэгуляваць сітуацыю на непалітычным узроўні”, на ўзроўні памежнікаў. “Што тычыцца мяжы, то, падобна, мы ўжо бачым пэўныя рухі з боку Беларусі”, — дадаў ён.

Супраць перамоваў “на ўмовах Мінска” паслядоўна выступае міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс.

12 лістапада ён заявіў, што мяжа з Беларуссю будзе адкрытая, калі Лукашэнка перастане перашкаджаць паветранаму руху ў Літве, а таксама ствараць пагрозу НАТО і Еўрасаюзу, “калі Беларусь, якая цяпер нічога не робіць з транспарціроўкай у Літву кантрабанды з дапамогай шароў, перастане эскаляваць сітуацыю да мяжы гарачай фазы”.

Будрыс адзначыў, што аб сітуацыі з Беларуссю інфармаваная і актыўна ўцягнутая ў яе адміністрацыя ЗША, для якой, як ён спадзяецца, гэтае пытанне будзе адным з прыярытэтных.

Міністр падкрэсліў, што ў Літвы ёсць спіс захадаў, якімі можна адказаць на эскалацыю з боку рэжыму Лукашэнкі.

Падзяліцца: