Вярхоўны суд пакінуў без зменаў вырак журналісту Ільяшу — 4 гады зняволення

14 лістапада, Позірк. Вырак палітвязню Ігару Ільяшу пакінуты без зменаў. Адпаведнае рашэнне 14 лістапада прыняла калегія Вярхоўнага суда (склад — суддзі Любавіцкі, Васілевіч і Сурма) па выніках разгляду апеляцыйнай скаргі, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Сяргей Ваганаў — дзядуля жонкі журналіста Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), таксама журналісткі і палітзняволенай.
16 верасня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Ільяша да 4 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Аналагічнага пакарання патрабаваў пракурор.
12 верасня Ільяш у апошнім слове ў судзе адпрэчыў усе абвінавачанні, віну не прызнаў. Ён абвінавачваўся паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Раней Ваганаў выказаў меркаванне, што экспертыза “не выявіла ніводнага ілжывага факту”, распаўсюджанага Ільяшом.
Паводле яго слоў, на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд “заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы”, прагучала “абсалютная прадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах” загадчыка кафедры Белдзяржуніверсітэта, доктара філалогіі Сяргея Лебядзінскага.
У якасці аргументаў эксперт прывёў выкарыстанне Ільяшом у сваіх артыкулах тэрміна “палітвязні”, бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе, удакладніў Ваганаў.
Пра затрыманне Ільяша паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”. Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў “збор звестак для замежных выведак — даваў каментарыі ўкраінскім выданням”.
На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.
Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў за год вырасла амаль на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 14 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства


