Мінск 16:47

МЗС Беларусі назвала “пачаткам шляху да аднаўлення кантактаў” рашэнне Польшчы адкрыць два пункты пропуску

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

15 лістапада, Позірк. Нарада па сітуацыі на мяжы Беларусі з дзяржавамі Еўразвяза адбылася 15 лістапада пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына і дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, у сустрэчы, якая адбылася на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі, таксама ўзялі ўдзел “кіраўнікі МЗС, Дзяржпагранкамітэта, ДМК і КДБ”.

“Было адзначана, што цяперашняя сітуацыя на мяжы не адпавядае інтарэсам ні Беларусі, ані Еўрапейскага саюза, — гаворыцца ў паведамленні. — Беларусь паслядоўна выступае за аднаўленне паўнавартаснага рэжыму працы мяжы — у інтарэсах грамадзян і развіцця трансгранічнай супрацы”.

“На гэтым фоне вітаецца рашэнне Польшчы аднавіць працу двух раней закрытых пунктаў пропуску. Гэты крок здольны ажывіць прыгранічны гандаль і аблегчыць жыццё людзям. Разглядаем яго як канструктыўны і арыентаваны на інтарэсы польскіх грамадзян. На жаль, аналагічных дзеянняў з боку Літвы няма”, — заявіў МЗС.

У знешнепалітычным ведамстве лічаць, што “крок Польшчы — толькі пачатак шляху да аднаўлення кантактаў”. “Гісторыя паказвае, што за ўзаемадзеяннем паміж людзьмі непазбежна ідзе ўмацаванне палітычнай супрацы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Напярэдадні Польшча афіцыйна абвясціла пра тое, што 17 лістапада будзе адноўленая праца двух раней закрытых аўтамабільных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — Кузніца Беластоцкая (з беларускага боку Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца). Чакаецца, што праз першы пункт будзе дазволены пасажырскі рух, за выключэннем аўтобусаў; праз другі — рух легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, а таксама грузавікоў з краін ЕС, дзяржаў — удзельніц пагаднення аб Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарыі.

Праца польскіх пунктаў пропуску адновіцца на фоне таго, што Літва сама меней да канца восені закрыла свае пагранпераходы на мяжы з Беларуссю — праз масавыя прылёты паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджаюць грамадзянскай авіяцыі.

У адказ Мінск забараніў зарэгістраваным у Літве грузавікам, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

У выніку той сітуацыі, якая склалася, у Беларусі захрасла крыху менш за 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў, якія ўлады ў Мінску распарадзіліся змясціць на стаянкі — пад платную ахову.

Вільнюс беспаспяхова паспрабаваў вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве альбо скасаваць рашэнне пра закрыццё мяжы, альбо выйсці на палітыка-дыпламатычнае вырашэнне праблемы.

Падзяліцца: