Мінск 01:34

Рыхтуецца законапраект “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”

18 лістапада, Позірк. Указам № 400 ад 18 лістапада зацверджаны план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

У план уключаны 33 законапраекты, у тым ліку новыя: Кодэкс аб ахове здароўя, Экалагічны кодэкс, законы “Аб грамадзянскай абароне” і “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”.

Прадугледжана таксама падрыхтоўка іншых законапраектаў, “накіраваных на сістэмную актуалізацыю дзеючых законаў”.

План сфармаваны Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі, як сцвярджаецца, “улічваліся рэальная патрэбнасць грамадства ва ўрэгуляванні адпаведных адносін і прыярытэтнасць іх прававой рэгламентацыі”.

На дадзены момант наданне замежнай бязвыплатнай дапамогі рэгулюецца дэкрэтамі Лукашэнкі. 25 траўня 2020 года быў падпісаны Дэкрэт № 3 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які, сярод іншага, змяніў паняцці “замежная бязвыплатная дапамога”, “атрымальнік замежнай бязвыплатнай дапамогі”, пашырыўшы кола яе адпраўнікоў.

Згодна з дакументам, замежная бязвыплатная дапамога — гэта не толькі грашовыя сродкі і тавары (маёмасць), якія паступілі ад замежных адпраўнікоў, але і тавары, работы і паслугі, набытыя (аплачаныя, выкананыя, нададзеныя) на тэрыторыі Беларусі атрымальнікамі за кошт грашовых сродкаў адпраўнікоў і бязвыплатна перададзеныя (выкананыя, нададзеныя) атрымальнікам ці другасным (наступным) атрымальнікам.

Улады неаднаразова абвінавачвалі незалежныя СМІ, што раней працавалі ў Беларусі, праваабарончыя і іншыя арганізацыі ў атрыманні сродкаў з-за мяжы. Гэта часта станавілася падставай для ператрусаў, арыштаў, палітычна матываваных крымінальных спраў, якія распачыналіся паводле “эканамічных” артыкулаў, закрыццяў і ліквідацый.

За пяць гадоў — пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020-га і да 31 кастрычніка 2025 года — у Беларусі ліквідавана не менш як 1.977 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з апошняга агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

За апошнія два гады Мінск надаў гуманітарную дапамогу пяці краінам — МНС

18 лістапада, Позірк. За апошнія два гады ў пяць краін дастаўлялася гуманітарная дапамога з Беларусі, заявіў першы намеснік начальніка рэспубліканскага атрада спецыяльнага атрада “Зубр” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мяцельскі на прэс-канферэнцыі 18 лістапада.

Паводле яго слоў, гэта Расія, Зімбабвэ, М’янма, Таджыкістан і Куба: “Адзін з відаў нададзенай гуманітарнай дапамогі — гэта накіраванне ў зону бедства пошукава-спецыяльных атрадаў. <…> Мы пацвердзілі сваю гатоўнасць ліквідаваць абсалютна ўсе віды надзвычайных сітуацый у любых кліматычных умовах і ўмовах надвор’я на працягу не менш 10 дзён у аўтаномным рэжыме”.

Паводле слоў прадстаўніка МНС, для беларускіх ратавальнікаў ліквідацыя наступстваў землятрусу ў 7,7 бала ў Турцыі ў лютым 2023 года стала “найбольш маштабнай стыхійнай бітвай”. “Вельмі маштабны землятрус, складаныя ўмовы працы, аўташокі, якія ўвесь час паўтараліся — гэта паўторныя штуршкі, якія выклікалі абвалы ўжо разбураных будынкаў, то бок умовы даволі небяспечныя”.

Паводле слоў Мяцельскага, да кандыдатаў у атрад прад’яўляюцца “павышаныя патрабаванні”: “Мы стараемся браць кандыдатаў з ліку тых, хто ўжо праслужыў у падраздзяленнях [МНС], зарэкамендаваў сябе. У нас крыху вышэйшыя патрабаванні паводле фізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі. Плюс дадатковыя патрабаванні валодання замежнай мовай. Прыйшоўшы ў атрад, чалавек праходзіць дадатковую падрыхтоўку да міжнароднага рэагавання”.

6 лютага 2023 года ў Турцыі адбыўся землятрус магнітудай да 7,8 бала, у выніку якога значна пацярпела і Сірыя. У наступныя дні сейсмолагі зафіксавалі не менш за 1,5 тыс. паўторных штуршкоў.

Намеснік генсека ААН па гуманітарных пытаннях Марцін Грыфітс заяўляў, што колькасць загінулых пры землятрусе ў Турцыі і Сірыі можа перавысіць 50 тыс. чалавек.

Паводле адкрытых даных, налічваецца каля 44 тыс. загінулых, у тым ліку ў Турцыі — прыблізна 38 тыс.

12 лютага 2023 года Беларусь накіравала больш за 25 тон гуманітарнай дапамогі (прадукты, лекі, рэчы першай неабходнасці, адзенне) у Сірыю, якая таксама пацярпела ад гэтага стыхійнага ліха. Праз два дні ў гэтую краіну быў адпраўлены медыцынскі атрад спецыяльнага прызначэння Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра УС Беларусі ў складзе 45 чалавек.

Другі борт, паводле даных МНС, з гуманітарнай дапамогай быў адпраўлены 17 лютага.

Падзяліцца: