Мінск 14:39

Павераная ў справах ФРГ аўс дэм Зіпен уручыла Рыжанкову даверчыя граматы

Фота: МЗС

19 лістапада, Позірк. Павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен уручыла даверчыя граматы міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

“Адбылося абмеркаванне стану і перспектыў развіцця беларускага-германскіх адносін з улікам існуючых міжнародна-палітычных рэалій, актуальнай сітуацыі ў рэгіёне”, — адзначае ў сувязі з дыпламатычнай працэдурай МЗС.

Заяўляна пра гатоўнасць беларускага боку “да наладжвання прагматычнага і раўнапраўнага дыялогу з ФРГ і ЕС, заснаванага на ўзаемнай павазе і ўліку інтарэсаў бакоў”.

23 кастрычніка аўс дэм Зіпен уручыла копіі даверчых грамат намесніку міністра замежных спраў Ігару Сакрэце. У той дзень яна афіцыйна прыступіла да выканання абавязкаў у Беларусі.

Даведка “Позірку”:

Пастаянны павераны ў справах акрэдытуецца пры Міністэрстве замежных спраў дзяржавы, якая прымае. Свае даверчыя граматы, падпісаныя міністрам замежных спраў акрэдытуючай дзяржавы, ён уручае міністру замежных спраў дзяржавы знаходжання, у адрозненне ад амбасадара або пасланца, у якога граматы падпісаныя кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы і ўручаюцца кіраўніку дзяржавы знаходжання. Да прызначэння павераных у справах часам звяртаюцца ў палітычна чуллівых сітуацыях, напрыклад, калі існуюць праблемы ў міждзяржаўных стасунках і пажадана пазбегнуць неабходнасці афіцыйных сустрэч з кіраўніком дзяржавы, каб гэта не ўспрымалася як нейкая падтрымка яму.

Пасля прызначэння аўс дэм Зіпен упершыню прыбыла ў Мінск 2 верасня.

1 кастрычніка яна ўзяла ўдзел у прыёме з нагоды 35-годдзя аб’яднання Германіі (3 кастрычніка 1990 года).

30 кастрычніка аўс дэм Зіпен разам з прадстаўнікамі іншых амбасадаў наведала Курапаты і ўшанавала памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Дыпламат працавала ў замежных прадстаўніцтвах ФРГ у Люксембургу (1996–1999), Шанхаі (1999–2003) і Маскве (2006–2009). Да прыезду ў Мінск займала пасаду кіраўніка аддзела палітыкі нямецкай амбасады ў Парыжы (2020–2025).

Катрын аўс дэм Зіпен “надае вялікую ўвагу развіццю германа-французскай дружбы, што яна не ў апошнюю чаргу пацвярджае сваёй біяграфіяй“, адзначаецца ў паведамленні дыппрадстаўніцтва Германіі ў Мінску. Падкрэсліваецца, што аўс дэм Зіпен — “дасведчаны дыпламат са свежым поглядам, якая з вялікай цікаўнасцю знаёміцца з новай краінай і яе людзьмі“.

“Сп. аўс дэм Зіпен замужам, у яе чацвёра дзяцей. Яна адчувае асаблівую любоў да класічнай музыкі і з вялікім задавальненнем грае на фартэпіяна. Акрамя таго, яна мае слабасць да рэтра-аўтамабіляў“, — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя Венгрыі і Славакіі, якія прызначылі амбасадараў (Будапешт і Браціслава падтрымліваюць афіцыйныя кантакты з мінскім і маскоўскім рэжымамі), узначальваюць часовыя павераныя ў справах. Гэта дазваляе не ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, якога дэмакратычныя краіны Еўропы не прызнаюць законным прэзідэнтам. Папярэдніца Катрын аўс дэм Зіпен Андрэа Віктарын таксама была часовым павераным у справах Германіі ў Беларусі (з верасня 2024-га па ліпень 2025 года).

28 траўня на дзяржканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім беларускія сілавікі абвінавацілі рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданняў “Вольнае Глыбокае“ (Віцебская вобласць), “Бабруйск Інфа“ і “Вечерний Бобруйск“ (Магілёўская вобласць) у тым, што яны нібыта пісалі замоўныя матэрыялы пра Германію і атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне ад нямецкай амбасады.

Прапагандыст Ігар Тур сцвярджаў, што з 2020 года “нямецкая амбасада выдаткавала блізу 226 тыс. долараў на артыкулы рэкламнага характару, якія праслаўляюць нібыта выдатную Германію ў параўнанні з нібыта менш выдатнай Беларуссю”.

У сюжэце згадвалася выданне з Горак (Магілёўская вобласць) “Узгорак”, якое спыніла выхад у 2022 годзе і нібыта супрацоўнічала з амбасадай Германіі. Дэманстраваліся таксама кадры сачэння за супрацоўнікамі дыпмісіі.

Новая павераная ў справах Германіі мае намер вучыць беларускую мову

7 лістапада, Позірк. Новая павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен вывучае рускую мову і мае намер вучыць беларускую, паведамляе амбасада ФРГ у матэрыяле аб дыпламаце. Аўс дэм Зіпен афіцыйна прыступіла да выканання абавязкаў 23 кастрычніка пасля …
Падзяліцца: