Мінск 15:59

Для некаторых асоб прапанавана ўвесці адказнасць за неўладкаванне на працу

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

21 лістапада, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў распрацавала законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за “невыкананне абавязкаў па працаўладкаванні і лячэнні алкагалізму” ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках.

Пра гэта на калегіі МУС 21 лістапада паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Аляксандр Купчэня, вынікае з паведамлення прэс-службы ведамства.

У згаданым законапраекце таксама прадугледжаны прафулік для грамадзян, якія вярнуліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Паводле слоў Купчэні, гэта дасць магчымасць выкарыстоўваць у дачыненні да гэтых асоб “меры індывідуальнай прафілактыкі”.

Ведамства таксама прапануе “аптымізаваць прафілактычны ўлік за хатні гвалт”. Рашэнне пра пастаноўку на ўлік, згодна з законапраектам, будзе прымацца “незалежна ад таго, прыцягнуты чалавек да адміністрацыйнай адказнасці або прымірыўся з пацярпелым у судзе”.

Паводле сцвярджэння Купчэні, захады, якія органы ўнутраных спраў робяць у дачыненні да грамадзян, не занятых у эканоміцы, “шмат у чым садзейнічалі зніжэнню колькасці злачынстваў, здзейсненых беспрацоўнымі”.

Таму “ўсе асобы, якія стаяць на ўліках у Міністэрстве ўнутраных спраў, павінны працаваць”, заявіў у сваю чаргу кіраўнік ведамства Іван Кубракоў.

“Намі надаецца асаблівая ўвага арганізацыі працы з асобамі, якія стаяць на ўліках, і, у першую чаргу, не занятымі ў эканоміцы, — сказаў міністр. — Намаганні органаў унутраных спраў у цэлым дазваляюць уплываць на паводзіны грамадзян. Аднак відавочна, што існуе нерэалізаваны патэнцыял. Тымі, хто не навучаецца і не працуе, па-ранейшаму здзяйсняецца больш за палову злачынстваў. У асноўным маёмасныя, што тлумачыцца іх імкненнем атрымаць сродкі для існавання”.

На прафуліках МУС знаходзіцца значная колькасць грамадзян. Гэта асобы, якія вызваліліся з месцаў зняволення; бацькі, якіх суд абавязаў утрымліваць сваіх дзяцей; асобы, што здзейснілі хатні гвалт, ды інш.

У дачыненні да тых, хто не працуе, плануюць увесці платную меддапамогу — гэта зноў анансаваў Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада ў Мазыры (Гомельская вобласць) пасля цырымоніі адкрыцця абноўленага моста праз Прыпяць.

“У нас у Польшчу з’ехала 10–12 тыс. чалавек, — заяўляў ён. — Хоць, кажуць, мільён з’ехала. Усё адно колькі. А зубок лячыць яны едуць у Гродна. А чаму? Таму што тут бясплатна. Бясплатна нічога не бывае. Гэта бюджэт — дзяржава плаціць за вас. Таму і тут будзе прынятае рашэнне”.

2 красавіка 2024 года падчас працоўнай паездкі ў Гродна Лукашэнка абяцаў “урэгуляваць пытанне” з беларускімі грамадзянамі, якія пражываюць за мяжой, але прыязджаюць на радзіму для атрымання медпаслуг.

7 снежня 2020 года Лукашэнка загадаў “неадкладна на мясцовым узроўні (старшыням аблвыканкамаў перш за ўсё і Мінскаму гарвыканкаму) заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных”, а таксама “неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, тых, хто сноўдаецца, і прымусіць іх працаваць”.

25 студзеня 2018 года быў падпісаны дэкрэт № 1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, які адкарэктаваў дэкрэт № 3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства”. У базу “дармаедаў” тады ўнеслі каля паўмільёна чалавек, яна ўвесь час папаўняецца.

З 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, што не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.

Многія з тых, хто з’ехаў, унесеныя ў базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Падзяліцца: