Літоўскія фуры па-ранейшаму не вяртаюцца, нягледзячы на адкрытую мяжу — САДМ

24 лістапада, Позірк. Нягледзячы на тое, што пункты пропуску на мяжы з Беларуссю адкрытыя, літоўскія грузавыя аўтамабілі не вяртаюцца ўжо пятыя суткі, паведамляе інфармагенцтва BNS са спасылкай на спікера Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Гедруса Мішуціса.
Паводле яго слоў, якія перадрукаваў партал LRT, “інфармацыі пра [літоўскія] грузавікі, якія доўгі час знаходзіліся ў Беларусі і вярнуліся, на гэтую раніцу не было”. Спікер пагранведамства падкрэсліў, што вяртаецца толькі той транспарт, які ўязджаў у Беларусь ужо пасля адкрыцця пунктаў: ”Маюцца такія фуры і паўпрычэпы, якія пасля адкрыцця абодвух пунктаў выехалі ў Беларусь, разгрузіліся і вярнуліся”.
“Рухаюцца [фуры], якім дазволена перамяшчацца [па Беларусі], едуць тыя, што маюць на гэта права. Больш за ўсё сярод іх — расійскіх, кіроўцы са спрошчанымі транзітнымі дакументамі”, — заявіў Мішуціс.
Напярэдадні беларускі транспартна-лагістычны партал Infotrans Media Belarus заявіў, што фуры пачалі пакідаць стаянкі і вяртацца ў Літву, а Беларусь гэтаму працэсу нібыта не перашкаджае.
Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску, дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавыя прылёты з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.
У адказ рэжым Аляксандра Лукашэнкі забараніў зарэгістраванаму ў Літве грузавому транспарту перасякаць мяжу дзе б там ні было, за выключэннем пунктаў пропуску на беларуска-літоўскім участку. Урад юрыдычна ўвязаў легальнасць перамяшчэння гэтага транспарту па тэрыторыі краіны з працай пагранпераходаў. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў.
Пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (у 1:00 паводле мінскага часу), аднак літоўскі грузавы транспарт так і не пачаў вяртацца.
21 лістапада МЗС Літвы ўручыла прадстаўніку беларускай амбасады ноту пратэсту ў сувязі з “дыскрымінацыйнымі дзеяннямі ў дачыненні да літоўскіх перавозчыкаў”.
Афіцыйны Вільнюс расцэньвае “наўмысны нявыпуск” з тэрыторыі Беларусі цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, якія належаць літоўскім кампаніям і грамадзянам, як “наўмыснае адабранне маёмасці і грубае парушэнне агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права”.
Літоўскае МЗС “настойліва запатрабавала” ад уладаў у Мінску “неадкладна спыніць названыя дыскрымінацыйныя дзеянні і папярэдзіла, што ў адваротным выпадку Літва пакідае за сабой права звярнуцца ў суд з адпаведным іскам, запатрабаваць кампенсацыі нанесенай шкоды і зрабіць іншыя захады ў адказ як на нацыянальным узроўні, так і на ўзроўні Еўрасаюза”.
Пасля прыпынення працы пунктаў пропуску МЗС Беларусі неаднаразова крытыкаваў Літву за гэтае рашэнне. У дзень адкрыцця мяжы прэс-сакратар Руслан Варанкоў заявіў, што міністэрства прапануе правесці кансультацыі паміж беларускім і літоўскім знешнепалітычнымі ведамствамі — для выпрацоўкі “ўстойлівага механізму працы пунктаў пропуску і прадухілення іх закрыцця ў будучыні”.
Легальнасць перамяшчэння літоўскага грузавога транспарту па Беларусі ўвязаная з працай пунктаў пропуску
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка



