Мінск 19:22

Легальнасць перамяшчэння літоўскага грузавога транспарту па Беларусі ўвязаная з працай пунктаў пропуску

Ілюстрацыйнае фота: ДМК

22 лістапада, Позірк. Легальнасць перамяшчэння ўсяго літоўскага грузавога транспарту па Беларусі ўвязаная з працай пунктаў пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз пастаноў, якія Савет міністраў прыняў за апошні месяц.

Як паведамлялася раней, 31 кастрычніка ўрад прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”.

Гэты дакумент атрымаў у спадчыну ключавое палажэнне пастановы Савета міністраў № 247 ад 22 красавіка 2022 года (цяпер скасаваная) — забарона на свабоднае перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі грузавога транспарту, зарэгістраванага ў Еўрасаюзе; дазвол рухацца толькі па строгім маршруце: ад мяжы ў спецыяльныя месцы для перагрузкі або перачэпкі грузу на транспарт, якому дазволена свабодна перамяшчацца па краіне, а затым назад на мяжу.

Разам з тым пастанова № 599 вылучыла з агульнай масы зарэгістраваныя ў Літве грузавікі і цягачы — ім было дазволена ўязджаць і выязджаць выключна праз пункты пропуску на літоўска-беларускай мяжы (на той момант закрытыя), накіроўвацца строга ў спецмесцы для перагрузкі, перачэпкі, запраўкі. Разам з тым для літоўскіх прычэпаў і паўпрычэпаў, згаданых у дакуменце, не было відавочнага ўказання накіроўвацца ў гэтыя спецмесцы. У той жа час з-пад забароны быў выведзены шырокі спектр грузаў — паштовыя адпраўленні, буйнагабарытныя і гуманітарныя грузы, жывыя жывёлы, лекі і медыцынскія вырабы, інш.

10 лістапада ўрад пастрожыў гэтыя правілы, прыняўшы пастанову № 621. У прыватнасці, на ўвесь літоўскі грузавы транспарт (грузавікі, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы) стала абавязковым атрымліваць ад Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) і Транспартнай інспекцыі (ТС) адмысловы дакумент — патрабаванне, у якім прапісаны маршрут і тэрмін паездкі (аналагічная норма раней была ўведзеная для польскага транспарту).

Адначасова гэты дакумент удакладніў пастанову № 599 такім чынам, што выключэнне з агульнай забароны на перамяшчэнне еўрапейскага грузавога транспарту па Беларусі, зробленае для літоўскіх грузавікоў і цягачоў, перастае дзейнічаць, калі не працуюць пункты пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Акрамя таго, папраўка цалкам скасавала для літоўскага транспарта той самы шырокі спектр грузаў, якія траплялі пад выключэнне.

Найноўшая пастанова ўрада — № 646 ад 20 лістапада (апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 22 лістапада) — канчаткова і недвухсэнсоўна вызначыла, што зарэгістраваныя ў Літве прычэпы і паўпрычэпы можна перамяшчаць толькі ад мяжы ў спецмесцы для грузавых аперацый, у тэрмін, акрэслены ДМК і ТС, і назад на мяжу. То бок на гэты тып транспарту распаўсюджаны “калідорны рэжым”, які раней быў уведзены для літоўскіх грузавікоў і цягачоў.

Адначасова, на прычэпы і паўпрычэпы распаўсюджаная юрыдычная сувязь паміж легальнасцю іх перамяшчэння па беларускай тэрыторыі і працай пунктаў пропуску на мяжы Літвы і Беларусі.

Такім чынам, калі пункты пропуску на літоўска-беларускай мяжы перастаюць працаваць, на ўвесь зарэгістраваны ў Літве грузавы транспарт пачынае распаўсюджвацца агульная забарона на перамяшчэнне па Беларусі.

Згодна з нормамі базавай пастановы № 599, гэта будзе лічыцца міжнароднай перавозкай без дазволу, што з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. Кастрычніцкая пастанова таксама прадпісвае органам ДМК і ТС пры выяўленні такіх парушэнняў або прыбраць транспарт-парушальнік з тэрыторыі Беларусі праз беларуска-расійскі ўчастак мяжы, альбо размясціць такі транспарт у месцы, дзе могуць здзяйсняцца мытныя аперацыі. У апошнім выпадку вывезці транспарт можна толькі пры наяўнасці дазволу ад ДМК і ТС з пазначэннем тэрміна і маршруту адбыцця.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску, дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавыя прылёты з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы. У адказ рэжым Аляксандра Лукашэнкі прыняў вышэйзгаданыя нормы, у выніку чаго ў Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў.

Пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (у 1:00 паводле мінскага часу), аднак літоўскі грузавы транспарт так і не пачаў вяртацца.

21 лістапада МЗС Літвы ўручыла прадстаўніку беларускай амбасады ноту пратэсту ў сувязі з “дыскрымінацыйнымі дзеяннямі ў дачыненні да літоўскіх перавозчыкаў”.

Афіцыйны Вільнюс расцэньвае “наўмысны нявыпуск” з тэрыторыі Беларусі цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, якія належаць літоўскім кампаніям і грамадзянам, як “наўмыснае адабранне маёмасці і грубае парушэнне агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права”.

Літоўскае МЗС “настойліва запатрабавала” ад уладаў у Мінску “неадкладна спыніць названыя дыскрымінацыйныя дзеянні і папярэдзіла, што ў адваротным выпадку Літва пакідае за сабой права звярнуцца ў суд з адпаведным іскам, запатрабаваць кампенсацыі нанесенай шкоды і зрабіць іншыя захады ў адказ як на нацыянальным узроўні, так і на ўзроўні Еўрасаюза”.

Пасля прыпынення працы пунктаў пропуску МЗС Беларусі неаднаразова крытыкаваў Літву за гэтае рашэнне. У дзень адкрыцця мяжы прэс-сакратар Руслан Варанкоў заявіў, што міністэрства прапануе правесці кансультацыі паміж беларускім і літоўскім знешнепалітычнымі ведамствамі — для выпрацоўкі “ўстойлівага механізму працы пунктаў пропуску і прадухілення іх закрыцця ў будучыні”.

Падзяліцца: