Мінск 14:09

УНС заслухае пасланне Лукашэнкі, зацвердзіць праграму развіцця краіны і кадравыя змены вышэйшых судоў

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

25 лістапада, Позірк. Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу (УНС) сабраў 25 лістапада Аляксандр Лукашэнка для падрыхтоўкі “змястоўнай часткі” пасяджэння УНС, якое плануецца правесці 18–19 снежня.

Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, на снежаньскім пасяджэнні Лукашэнка выступіць са зваротам да народа і парламента.

Дэлегаты УНС таксама маюць зацвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступныя пяць гадоў, дэталі якой абмяркоўваліся на нарадзе 10 лістапада.

“Дыскусія, што адбылася, дала магчымасць выслухаць альтэрнатыўныя пункты гледжання. Разумныя прапановы ўлічаныя. Як і ставілася задача, праграма скіраваная на падвышэнне дабрабыту і якасці жыцця людзей”, — заявіў Лукашэнка, на даручэнне якога дапрацаваная праграма перададзеная дэлегатам УНС. Тыя ў сваю чаргу “на месцах павінны актыўна падключыцца да яе абмеркавання”.

Акрамя таго, УНС мае абраць новага члена прэзідыума “замест выбылага”, а таксама прагаласаваць па “кадравых прапановах вышэйшых судоў”, якія на пасяджэнні прадставяць старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч і старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.

Даты правядзення другога пасяджэння VII УНС зацверджаныя ў сярэдзіне кастрычніка. Упершыню гэта было зроблена распараджэннем Лукашэнкі, які з’яўляецца старшынёй гэтага органа. Першае пасяджэнне VII УНС — у красавіку 2024 года — склікаў Цэнтрвыбаркам.

Сёлета 11 лютага на пасяджэнні прэзідыума УНС Лукашэнка паведаміў, што чарговы сход запланаваны на красавік 2025-га, аднак ён не адбыўся.

Усебеларускі народны сход склікаецца з ініцыятывы Лукашэнкі з 1996 года, як правіла, у перыяд палітычных кампаній.

УНС атрымаў канстытуцыйны статус па выніках не прызнанага дэмакратычнымі краінамі рэферэндуму 27 лютага 2022 года. Старшынёй прэзідыума сходу ў 2024-м практычна аднагалосна абраны Лукашэнка.

Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, УНС з’яўляецца “найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя”, які вызначае “стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы”, забяспечвае “непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду”. Максімальная колькасць дэлегатаў УНС — 1.200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэнні УНС маюць праводзіцца не радзей за адзін раз у год.

УНС зацвярджае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; заслухоўвае штогадовыя пасланні прэзідэнта да парламента; мае права заканадаўчай ініцыятывы, можа прапаноўваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне пра легітымнасць выбараў ды інш.

Падзяліцца: