Мінск 11:27

КДК выявіў карупцыю пры распрацоўцы электрамабіля Акадэміяй навук

25 лістапада, Позірк. “Шэраг карупцыйных праяў” выяўлены ў Акадэміі навук пры праверцы Камітэтам дзяржкантролю (КДК), заявіў 25 лістапада пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі старшыня ведамства Васіль Герасімаў.

“У прыватнасці, Аб’яднаны інстытут машынабудавання — гэта звязана з распрацоўкай электрамабіля. Намеснік дырэктара прапанаваў дырэктару схему ўзбагачэння, калі частка грошай, якія выдаткоўваліся на распрацоўку электрамабіля, выплачвалася дзевяці супрацоўнікам, потым палова забіралася і дзялілася ўжо паміж чатырма: гэта дырэктар, намеснік дырэктара, галоўбух і эканаміст. Пры тым што ільвіную долю забіраў сабе намеснік дырэктара,” — цытуюць Герасімава дзяржСМІ.

Паводле яго слоў, “калі тэма электрамабіляў сябе вычарпала, была прыдумана новая схема” па распрацоўцы вадародных сілавых установак, пры рэалізацыі якой фігуранты “рабілі тое самае”: “Выяўлены і іншыя факты, якім цяпер даецца ацэнка”.

Кіраўнік ведамства заявіў і пра іншыя “факты карупцыйных праяў” у НАН, у прыватнасці, у НВА “Цэнтр”, дырэктар аднаго з філіялаў якога “плаціў за апекаванне дырэктару аб’яднання, сам, у сваю чаргу, браў адкаты ад пастаўшчыкоў”: “Што паказальна, раней гэты дырэктар быў дырэктарам іншага філіяла і быў асуджаны за хабар”.

Таксама карупцыя была выяўлена ў гродзенскім Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў.

“Схема прыблізна такая ж: нібыта рабілі распрацоўку, выплачвалі прэміі, частку прэмій потым збіралі назад. Былі і іншыя цікавыя рэчы, напрыклад была замова, якую яны перазамовілі Гродзенскаму медуніверсітэту, яму заплацілі 20 тысяч, а сабе забралі 168,” — сказаў кіраўнік КДК.

Яшчэ адзін прыклад карупцыі — дзіцячы лагер НАН “Фатон” (Ракаў, Мінская вобласць), “дзе для таго, каб ажыццяўляць будаўнічыя працы, будаўнікі павінны былі заплаціць адкаты дырэктару”.

Мяркуючы па апублікаваным відэа, мужчыну, які прадставіўся як намеснік дырэктара Аб’яднанага інстытута машынабудавання (свайго імя ён не назваў), затрымлівалі з ужываннем сілы. Ён дэ-факта дапытаны на камеру, аднак яго твар схаваны. Мужчына, які задаваў пытанні НАН, прадставіўся супрацоўнікам КДК, ён дапускаў грубыя выразы, у тым ліку ненарматыўную лексіку (заглушана гукавымі сігналамі). Супрацоўнік НАН на відэа стаіць на каленях у мікрааўтобусе, яго рукі зведзены за спінай.

13 лістапада на сустрэчы з кіраўніком НАН Уладзімірам Каранікам Лукашэнка заявіў, што беларускія навукоўцы не змаглі рэалізаваць планы па стварэнні айчыннага электрамабіля: “Дзе гэты электрамабіль? Мы дапамагалі, і НАН траціла немалыя грошы. Аўтамабіля няма”.

27 ліпеня 2022 года першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў па выніках нарады на заводзе “БелДжы” заявіў, што ў Беларусі да 2025 года “павінны максімальна асвоіць камплектную базу ўласнага электрамабіля”.

Раней прадстаўнікі НАН неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць айчынны электрамабіль. Прадстаўленыя пасля ўзоры мелі абмежаваную ступень лакалізацыі. Навукоўцы не раз заяўлялі пра складанасць арганізацыі поўнага цыкла вытворчасці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спецыфіку вырабу батарэй, адсутнасць лініі па вытворчасці кузаваў і інш.

Намеснік гендырэктара Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Аляксандр Бялевіч (верагодна, на відэа з затрыманнем менавіта ён, бо дапытваючы супрацоўнік звяртаўся да яго па імя па бацьку, Уладзіміравіч, што адпавядае даным Бялевіча. — “Позірк”.) адзначаў сёлета 21 сакавіка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”, што ўзор беларускага электрамабіля “нічым не саступае” бензінавай версіі аўто.

“Пад капотам знаходзяцца камплектуючыя трох беларускіх заводаў, — сказаў ён. — У праекце ўдзельнічаюць “Магілёўліфтмаш”, наваполацкі “Вымяральнік”, “Першая акумулятарная кампанія”. У досведна-прамысловай партыі пяць аўто”.

Па выніках тэхніка-эканамічнай ацэнкі стаіць задача наладзіць серыйную вытворчасць, сказаў ён: “У ідэале [трэба] дамагчыся таго, каб беларускія электракары акупіліся. Пакуль жа гэта выставачныя экспанаты”.

Падзяліцца: